Наталлю Папкову засудзілі на 7 сутак арышту (абноўлена)
Суддзя Суда Ленінскага раёна Берасця Дзмітрый Шурын прызнаў вінаватай грамадскую актывістку Наталлю Папкову ў “парушэнні ўстаноўленага парадку і арганізацыі масавага мерапрыемства” і прысудзіў ёй арышт у 7 сутак.
Сведкам як ейнага затрымання так і разгляду справы стала сяброўка, якая не назвала свайго імя:
– Першым сведкам выступіў участковы. Не быў састаўлены рапарт 12 сакавіка, калі праходзіў мітынг. Ён апраўдваўся, што Наталля сышла ў невядомым кірунку. І рапарт саставіў ён пазней. Рапарт не падпісаны. Другі сведка то нешта бачыў, то не ўпэўнены…
Наталля Папкова была затрымана 22 сакавіка каля 11:30 у раёне чыгуначнага вакзала. Два дні яна правяла ў Ізалятары часовага ўтрымання, а пасля была адпушчана судом для падпісання дамовы з адвакатам. Тэрмін знаходжання ў ІЧУ Наталлі быў залічаны ў тэрмін адбывання пакарання і таму ёй засталася адсядзець 5 сутак. “Хваля арыштаў і судовых працэсаў звязаны з анансаванымі акцыямі 25 і 26 сакавіка па ўсёй краіне”, – лічаць праваабаронцы.
* * *
Разгляд справы Наталлі Папковай у судзе Ленінскага раёна Берасця пачаўся пасля завяршэння рабочага дня. Журналістам і прысутным суддзя забараніў весці фота і відэаздымкі працэсу, а супрацоўнікі міліцыі і работнікі ўстановы перашкаджалі гэта рабіць нават у перапынках.
Аднаго з іх пазнала падсудная актывістка:
– Чарнавокі мяне раней дапытваў, некалькі разоў выклікаў у пастарунак, каб даведацца пра мой удзел у акцыях. Ён дакладна ўчастковы, хадзіў апошні раз перад тым, як мяне змясцілі ў псіхіятрычную бальніцу.
Падчас разгляду справы, у якой Наталлю Папкову вінавацяць у “арганізацыі незаконнага масавага мерапрыемства”, актывістка запатрабавала адваката.
Суддзя задаволіў хадайніцтва і зрабіў перапынак да 11:00 24 сакавіка, а таксама адпусціў актывістку. Аднак участковы Чарнавокі спрабаваў з ёй “пра нешта паразмаўляць”.
„Сведка” па справе Наталлі Папковай, у якім пазналі „ціхара”, які прысутнічаў на акцыях пратэсту ў Берасці
Грамадскія актывісты не дазволілі яму гэта зрабіць і суправадзілі Натяллю дадому.
Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце