Суд апраўдаў берасцейскага актывіста



У Судзе Маскоўскага раёна Берасця скончыўся разгляд справы ў дачыненні да грамадскага актывіста Віталя Казака. 

Суддзя Суда Маскоўскага раёна Берасця Марыя Леванчук апраўдала Віталя Казака. Яго вінавацілі ў парушэнні правілаў правядзення масавых мерапрыемстваў, на падставе складзенага міліцыяй пратаколу пад час аднаго з «дзён інфармавання жыхароў мікрараёну Вулька».

Каментуе сам Віталь Казак:

Вынікі добрыя. Поўная і безумоўная перамога. Я прадставіў шмат дакументаў, якія пацвярджаюць маю рацыю. Сёння быў працяг. Яна сказала,што азнаёмілася з матэрыяламі той справы. Якую я ёй прадставіў. Падзякавала за стараннае даследаванне праблем раёна і ў прыватнасці дома, у якім праводзіліся мерапрыемствы.

Ужо сёння Віталю прапанавалі забраць судовае рашэнне, а пасля гэтага актывіст у чарговы раз накіруецца на прыём у гарвыканкам. Там ён паспрабуе данесці чыноўнікам праблемы, на які і звяртае ўвагу пад час сваіх «дзён інфармавання».

***

Парушэнне, нібыта, мела месца падчас аднаго са сходаў жыхароў мікрараёна Вулька, дзе Віталь Казак інфармаваў насельніцтва пра вынікі перапіскі з чыноўнікамі з нагоды сацыяльных праблем:

– Цэлае лета і палову вясны я займаўся навядзеннем парадку ў мікрараёнах Вулька і Паўнёвы. Куча праблем, выяўленых для жыцця небяспечных сітуацый. Напісаныя шматлікія звароты да чыноўнікаў, але ўсё гэта па сутнасці праігнаравана. Для таго, каб заткнуць глотку, вырашылі судовы працэс завесці ў адносінах да мяне. Цяпер невядома што пагражае, можа папярэджанне, можа 30 базавых велічынь, а можа і 15 сутак. Я не сумняюся, што ў мяне ёсць неабвяргальныя доказы вінаватасці чыноўнікаў, а гэта значыць, што мая грамадская праца ідзе на карысць.

Пад час разгляду справы Віталь Казак выказаў меркаванне што такім чынам яго хочуць пакараць чыноўнікі за “залішнюю актыўнасць”.

Прадстаўнікі міліцыі ж у сваю чаргу лічаць гэта пікетаваннем, за што і склалі пратакол, бо грамадскі атывіст інфармаваў насельніцтва з дапамогай гукаўзмацняльнай апаратуры. Віталя Казака прыйшлі падтрымаць жыхары горада:

– Я лічу, што ў нас кожны мае права выказаць сваё меркаванне, мае права выказаць нейкія прэтэнзіі ўладам адносна абсталявання двароў, аднсона нейкіх з’яў у грамадстве. Чаму мы не можам недзе сабрацца, недзе абгаварыць гэтыя пытанні, калі гэта датычыць непасрэдна нас, нашых сем’яў, нашых дзяцей. Я лічу, што мы маем поўнае права, мы грамадзяне свабоднай краіны, таму мы маем права выказваць дзе заўгодна сваё меркаванне.

– Аб’яву ўбачыў у групе „Народны рэрарцёр” УКантакце. З улікам таго, што ў нашай краіне татальная несправядлівасць, вялікая бюракратыя, зарэгуляваны ўсе сферы жыцця, то гэта не жыццё.

Разгляд справы Віталя Казака суправаджаўся некаторымі заўвагамі суддзі ў адрас прысутных за нібыта спробу здымкаў і гучныя абмеркаванні.

Суддзя  Марыя Леванчук звярнулася да міліцыянтаў з патрабаваннем выдаліць з залі пасяджэнняў прысутнага.

Патрабаванне датычылася спробы весці прысутным аўдыёзапіс разгляду справы датычнай грамадскага актывіста Віталя Казака, які суддзя палічыла за “здымку”:

Прашу спыніць здымкі. Вы перашкаджаеце суду працаваць.

Я не здымаю, я запісваю гук.

Калі ласка, спыніце здымкі. Ці ёсць у залі супрацоўнікі міліцыі? Выдаліце гэтага грамадзяніна з залі судовага пасяджэння за парушэнне парадку.

Найчасцей у Ленінскім і Маскоўскім судах Берасцейскага раёна фота- і відэаздымкі працэсаў забараняюцца, аднак вядзенне аўдыёзапісу дазволена заканадаўствам. «Апавяшчаць суд аб сваім намеры фіксаваць хаду судовага разбіральніцтва ў пісьмовай форме альбо шляхам гуказапісу і атрымліваць на дадзеныя дзеянні дазволу не патрабуецца», — паведамляе прэс-служба Вярхоўнага Суду.

Пасля выслухоўвання абодвух бакоў, суддзёй быў абвешчаны перапынак да 09:20 22 верасня. Грамадскі актывіст пасля суда накіраваўся на сустрэчу з чыноўнікамі ў Берасцейскі гарвыканкам.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце