Берасце: Суддзю сустрэлі плакатамі „Ганьба!”
У Судзе Ленінскага раёна Берасця чарговае судовае разбіральніцтва над праціўнікамі будаўніцтва акумулятарнага завода. Дзмітрыя Бекалюка і Алега Ярмоленку вінавацяць у парушэнні артыкула Кодэкаса аб адмінстрацыйных правапарушэннях 23.34 часткі 1 – „несанкцыянаванае масавае мерапрыемства”. Абодва збіралі подпісы ля гандлёвых цэнтраў Берасця за адстаўку чыноўнікаў, за што і былі затрыманы.
Ля будынку суда сабралася каля 30 чалавек, якія прыйшлі падтрымаць грамадскіх актывістаў:
– Я чытала дакумент, у якім ясна напісана, што збіраць подпісы не супрацьзаконна. А тут забралі людзей, якія збіралі подпісы, праз нейкі час іх выпусцілі. А тут чытаем – суд. Я пакуль яшчэ ў здзіўленні, з якой нагоды суд?
Абедзьве справы разглядаў суддзя Суда Ленінскага раёна Берасця Святаслаў Каліна, які, на думку падсудных, несправядліва не задаволіў некаторыя з хадайніцтваў, якія б дапамаглі ў справе.
Каментуе сам Дзмітрый Бекалюк:
– Ён не захацеў запрашаць ключавых сведкаў з РАУС, людзей, якія стаяць на варце закона, якія былі там. Я ўвогуле не разумею, чаму гэта адбылося.
Што праўда, суддзя Каліна задаволіў хадайніцтвы аб адвакаце для абодвух падсудных, таму ў разглядзе справы абвешчаны перапынак да 11 ліпеня. Прысутныя ў судзе абураліся рашэннем суддзі аб незадавальненні некаторых з хадайнітваў і крычалі: „Ганьба!”. Таксама ў суд яны пранеслі плакаты.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце