У Берасці судзяць верніка за адхіленне ад войска



Распачаўся судовы працэс над Віктарам Калінам, які па рэлігійных перакананнях ухіліўся ад выканання вайсковага абавязку. Юнак наведваў усе прызыўныя мерапрыемствы, папярэджваў ваенкаматы пра асаблівасці сваёй веры, і ў рэшце рэшт адмовіўся ад службы нават у чыгуначных войсках. Сведкам Еговы не пасуе ні адзін від службы, звязаны з узброенымі сіламі, тлумачыць Віктар Каліна:

– Калі нешта звязана з Узброенымі сіламі Рэспублікі Беларусь, то мне не пасуе ніводзін від службы.

Праваабаронца з Беларускага хельсінскага камітэта Віктар Адзіночанка падкрэслівае, што праблема Віктара – агульная для ўсіх перакананых вернікаў, асабліва для сведак Еговы. А прыняты нядаўна закон “Аб альтэрнатыўнай службе” стане выйсцем для іх толькі пачынаючы з ліпеня 2016 года.

– Каліна просіць альтэрнатыўную службу. Ён ведае пра гэты закон. Казус у тым, што закон прыняты, але ён яшчэ не мае сілы.

Віктару Каліне пагражае да двух год пазбаўлення волі, але хлопец спадзяецца, што суд абвесціць рашэнне пра адтэрміноўку прызыву да моманту, калі пачне дзейнічаць новы закон.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота vk.com