Берасце: Вялічкіна і Казака пакаралі штрафамі (абноўлена)
Сёння ў Берасці судзілі праваабаронцу Уладзіміра Вялічкіна і актывіста Віталя Казака. Уладзіміра Вялічкіна звінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве – “кармленні галубоў”, якое адбылося ў Берасці 10 лютага. Яго змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання. Таксама ў суботу затрымалі актывіста Віталя Казака. Суддзя Дзмітрый Шурын у выніку ў панядзелак пастанавіў прыцягнуць іх да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу, кажа Раман Кісляк:
– Пакаралі адміністрацыйнымі штрафамі. Віталя Казака пакаралі штрафам на 40 базавых велічынь, парваабаронцу Уладзіміра Вялічкіна штрафам у 15 базавых. Тыдзень таму “кармленне галубоў” прыйшло ў рух, людзі пайшлі па вуліцах Пушкінскай і Савецкай. Ля кінатэатра “Беларусь” стаяў вулічны музыка, і яны папрасілі яго ўключыць песню супраць акумулятарнага завода. Пасля былі затрыманыя актывісты.
Адміністрацыйныя справы сябра Праваабарончага цэнтра “Вясна” Уладзіміра Вялічкіна і актывіста Віталя Казака разглядаліся ў судзе Ленінскага раёна Берасця.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
Адміністрацыйная справа сябра Праваабарончага цэнтра “Вясна” Уладзіміра Вялічкіна разглядаецца ў судзе Ленінскага раёна Берасця. Чакалася, што яго і Віталя Казака даставяць у суд 18 лютага ў першай палове дня, аднак прывезлі іх пасля 14 гадзін.
Праваабаронцу Уладзіміра Вялічкіна вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве – “кармленні галубоў”, якое адбылося ў Берасці 10 лютага. Ён быў выкліканы ў міліцэйскі ўчастак у суботу, 16 лютага, па позве. Калі прыйшоў, на яго склалі пратакол за адміністрацыйнае правапарушэнне і да суда змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання.
Таксама ў суботу быў затрыманы і змешчаны да суда ў ІЧУ яшчэ адзін актывіст пратэсных акцый супраць будаўніцтва акумулятарнага завода ў Берасці Віталь Казак.
У сваю чаргу праваабаронцы патрабуюць спыніць пераслед калегі. Апублікавана заява праваабарончага цэнтра “Вясна”, у якой адзначаецца, што 16 лютага ў Берасці быў затрыманы праваабаронца, сябра “Вясны” Уладзімір Вялічкін. У заяве падкрэсліваецца, што той прысутнічаў на акцыі ў якасці праваабаронцы, ажыццяўляў маніторынг рэалізацыі грамадзянамі сваіх канстытуцыйных правоў. “Затрыманне міліцыяй Уладзіміра Вялічкіна з’яўляецца нічым іншым, як пераследам за яго праваабарончую дзейнасць”, – гаворыцца ў заяве. Праваабронцы патрабуюць неадкладна вызваліць іх калегу і спыніць пераслед іншых грамадзян, гарантуючы ім права на мірныя сходы і выказванне свайго меркавання.