У Берасці сын да смерці збіў бацьку-пенсіянера
Берасцейскі міжраённы аддзел Следчага камітэта высвятляе акалічнасці забойства 68-гадовага жыхара Берасця.
Як паведаміў БелаПАН афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Берасцейскай вобласці Зміцер Іванюк, паводле данных следства, ноччу 22 лістапада ў Берасці пенсіянера ў кватэры па месцы жыхарства збіў кулакамі яго 36-гадовы сын, які пражывае ў гэтай кватэры.
68-гадоваму мужчыну былі нанесеныя цялесныя пашкоджанні, ад якіх ён памёр на месцы. Прычынай канфлікту паміж імі стала тое, што бацька гучна размаўляў, калі сын лёг спаць.
У дачыненні да 36-гадовага мужчыны Берасцейскім міжраённым аддзелам Следчага камітэта распачатая справа па ч. 1 арт. 139 КК (забойства).
Да фігуранта прымененая мера стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту. Ён рабочы аднаго з прадпрыемстваў горада.