У Берасці сёння працягнецца суд над блогерам Аляксандрам Кабанавым



Суд Берасцейскага раёна 17 чэрвеня працягне разгляд адміністрацыйнай справы жыхара Бярозы блогера Аляксандра Кабанава, прадстаўніка штаба прэтэндэнта ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай.

Супрацоўнікі міліцыі затрымалі Кабанава ў Берасці 15 траўня каля 16.00, калі той ішоў з паліклінікі. Блогера змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання Ленінскага РАУС, адкуль 16 чэрвеня даставілі ў суд Берасцейскага раёна.

„Пра час разгляду справы Кабанава ў судзе не паведамлялі. Нават яго адвакату, які з-за гэтага не змог удзельнічаць у працэсе, — паведаміў БелаПАН праваабаронца Уладзімір Вялічкін. — Толькі пасля 16.00 удалося даведацца ў судзе, што пасля хадайніцтва Кабанава, якое было задаволенае, судовае пасяджэнне працягнецца 17 чэрвеня ў 16.30”.

Кабанава зноў даставілі ў ІЧУ.

Паводле слоў праваабаронцы, Кабанава судзяць за тое, што ў траўні ў праекце „Народны рэпарцёр” на YouTube той заявіў пасля затрымання блогера Сяргея Ціханоўскага: у кожным горадзе людзям трэба выходзіць на плошчу карміць галубоў.

Кабанава абвінавачваюць па ч. 3 арт. 23. 34 КоАП (парушэнне парадку арганізацыі альбо правядзення масавых мерапрыемстваў паўторна на працягу года).

Як паведамлялася, 20 красавіка судом Ленінскага раёна Берасця Кабанаў быў арыштаваны на 15 сутак. Блогера судзілі за ўдзел у акцыі супраць будаўніцтва акумулятарнага завода, якая прайшла 12 красавіка ў Берасці.

9 траўня Кабанава шпіталізавалі ў Берасцейскую цэнтральную гарадскую бальніцу, дзе ў яго быў выяўлены каронавірус. 1 чэрвеня блогера выпісалі з бальніцы, і ён знаходзіўся на самаізаляцыі.

belapan.by