Марш міру і незалежнасці ў Берасці (абноўлена)



У нядзелю ў горадзе над Бугам адбыўся чарговы марш, які супадаў па часе з анансаваным у Менску «Маршам міру і незалежнасці». У ім прынялі ўдзел некалькі тысяч чалавек нязгодных з вынікамі прэзідэнцкіх выбараў і гвалтам сілавікоў.

Нягледзячы на тое, што традыцыйнае месца збору на нядзельныя мітынгі – плошча Леніна, яна была абнесена агароджай і ачэплена сілавікамі, мерапрыемства адбылося ў выглядзе шэсця:

– На пачатку акцыі з плошчы Леніна, якая была ачэпленая міліцыянтамі, перагароджаная, пайшла калона недзе паўтары тысячы. А па ходзе, як выйшлі на галоўную магістраль горада, на Машэрава-Маскоўскую, там яна ўжо сфармавалася да 10 000, не менш. І гэта паказвае тое, што людзі гатовыя і далей адстойваць свае прынцыпы, праўду, свабоду і справядлівасць у нашай краіне. І гэта пасыл уладзе, што яны не здадуцца, не баяцца рэпрэсій, якія былі. І гэта ўсім нам, хто ўдзельнічае ў гэтых акцыях, паказчык для аптымізму. Але ўлады, на жаль, пакуль што негатовыя да нейкіх крокаў насустрач.

Пасля 11-ці кіламетраў шпацыру цягам чатырох гадзінаў калона пратэстоўцаў вуліцай Леніна выйшла на подступы да плошчы. Ля Крыжаўздзвіжанскага касцёла іх чакала агароджа і сілавікі, а пазней насустрач выехаў вадамёт.

Людзі скандавалі, спявалі песні і танчылі. Эскалацыі між сілавікамі і цывільнымі грамадзянамі не адбывалася, і пасля гадзіннага «стаяння» пратэстоўцы разышліся. Каля 19-й праваабаронцы пачалі паведамляць пра затрыманні па адным асобаў, якія вярталіся з масавага мерапрыемства. Акцыя была прысвечана і віншаванням Аляксандра Лукашэнкі, якога ЦВК РБ абвясціла пераможцам выбараў.

Беларускае Радыё Рацыя

***

Каля 19-й гадзіны берасцейцы разышліся па дамах.

У Берасці людзі апынуліся насупраць АМАПу, які стаіць метраў за 40 ад людзей. Пра гэта паведамляе наш карэспандэнт Ян Каравай. Сілавікі пагражаюць людзям разгонам, але іх амаль не чутна, бо людзі шумяць. Стаіць вадамёт і шэраг сілавікоў – чалавек сто, за імі іншыя шэрагі амапаўцаў. Людзі кажуць, што прыйшлі на дзень нараджэння і крычаць „Ганьба!”. Людзей шмат, не менш дзвюх тысяч. Люді збіраюцца разварочвацца і сыходзіць, ісці далей па цэнтральных вуліцах Берасця.

У Берасці некалькі тысяч чалавек прайшлі па бульвары Касманаўтаў. Для пропуску грамадскага транспарту дэманстранты вызвалілі адну паласу. Людзі ўжо прайшлі па горадзе каля 12-ці кіламетраў. На маршы людзі скандавалі „Далучайся!”:

Калона ў Берасці пайшла ў бок перакрытай плошчы Леніна. Людзі пачалі скандаваць “Мы тут улада”.

У Берасці калона прайшла па вуліцы Пушкінскай каля будынка Следчага камітэта. Людзі скандавалі “Трыбунал!” і “Не забудзем, не прабачым!”. Паводле відавочцаў, у Берасці сабраліся каля 10-ці тысяч чалавек.

Беларускае Радыё Рацыя