У Берасці ўлады дазволілі правядзенне акцыі ў Дзень Волі
Берасцейскі гарвыканкам даў дазвол на правядзенне вулічнага фестывалю “100 гадоў БНР”, які адбудзецца 25 сакавіка на плошчы Свабоды ў Берасці. Пачатак а 12-й гадзіне. Пра гэта паведаміў старшыня Берасцейскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Дзмітрый Шыманскі.
Што зроблена
Для падрыхтоўкі і правядзення фестывалю створаны арганізацыйны камітэт. У яго склад увайшло больш за 20 чалавек, сярод якіх прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і палітычных партый.
– Праз 100 гадоў ад моманту абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі можна ўпэўнена сцвярджаць, што мары яе заснавальнікаў здзейсніліся. Мы жывем у незалежнай краіне. Нягледзячы на тое, што ў нашым маладым грамадстве яшчэ застаюцца нявырашаныя праблемы, у юбілейную 100-ую гадавіну хочацца зрабіць свята. Таму мы рыхтуем пазітыўную, урачыстую і радасную імпрэзу з конкурсамі, віктарынамі, розыгрышамі прызоў і святочнай сімволікай, – распавёў адзін з заяўнікоў фестывалю, старшыня абласной арганізацыі Партыі БНФ Дзмітрый Шыманскі.
З дазволу гарадскіх уладаў фестываль пройдзе пад бел-чырвона-белымі сцягамі, сімволікай партый і арганізацый, што ўваходзяць у аргкамітэт.
– Мы заклікаем жыхароў горада ўзяць з сабой бел-чырвона-белую сімволіку, а для мітынгу напісаць сацыяльны ці палітычны плакат, які будзе адпавядаць тэматыцы фестывалю, – адзначыў Юрый Казакевіч, адзін з сяброў аргкамітэта, абласны каардынатар Руху “За свабоду”.
У 100-ю гадавіну абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі арганізатары берасцейскай акцыі лічаць дарэчным і неабходным правядзенне святочнага мерапрыемства. Яго мэта – засведчыць адданасць жыхароў горада найвышэйшым каштоўнасцям беларускай дзяржавы: свабодзе і незалежнасці, павазе да гісторыі і культуры беларускага народа.
Чаго чакаць ад фестывалю:
-
святочны мітынг з удзелам прадстаўнікоў гарадскіх уладаў, грамадскіх дзеячаў і гісторыкаў;
-
канцэрт (гарадскі духавы аркестр, Cad Goddeu, B:N, Zolki Band, СПРАТ, Relikt)
-
выстава-продаж нацыянальнай сімволікі;
-
кнігарня;
-
“Кірмаш Валанцёрства” ад грамадскіх арганізацый і валанцёрскіх ініцыятыў горада;
-
майстар-класы для дзяцей і дарослых ад беларускіх рамеснікаў;
-
фотазона ад прадстаўнікоў рэканструктарскіх клубаў.
Як дапамагчы фестывалю:
-
Далучыцца да арганізатараў і стаць валанцёрам. Для гэтага трэба запоўніць кароткую форму па спасылцы: https://goo.gl/JSrh5M.
-
Ахвяраваць сродкі на арганізацыю канцэрта і выраб святочнай сімволікі праз краўдфандынг: https://www.talaka.org/projects/2741/overview.
Што зараз
Па словах Дзмітрыя Шыманскага, арганізацыйны камітэт рыхтуе дакладны план мерапрыемства. Ідзе праца над праектамі рэзалюцый, удакладняецца спіс удзельнікаў фестывалю. Усе, хто лічыць гэты дзень святочным, могуць далучыцца да арганізацыі мерапрыемства. Аргкамітэт запрашае рамеснікаў і прадстаўнікоў бізнесу прэзентаваць сваю прадукцыю на адной з крэатыўных пляцовак фестывалю. Усе арганізацыйныя дэталі ў бліжэйшыя дні будуць публікавацца ў сацыяльных сетках з хэштэгамі #БНР100 і #БНР100Брэст:
ВК: https://vk.com/bnr100_berascie
ФБ: https://www.facebook.com/BNR100Brest
Прэс-служба аргкамітэта па святкаванні Дня Волі ў Берасці