У Берасці ўлады забаранілі правядзенне сямі пікетаў супраць акумулятарнага завода



Берасцейскія ўлады забаранілі правядзенне сямі пікетаў супраць будаўніцтва акумулятарнага завода. Двухгадзінныя пікеты планаваліся 22, 23, 25, 27, 28, 29 і 30 чэрвеня ў цэнтры Берасця на пешаходнай плошчы на бульвары Шаўчэнкі.

Мэта акцый — інфармаванне грамадзян пра шкоду свінцу і яго злучэнняў для здароўя людзей і навакольнага асяроддзя, пра дапушчаныя парушэнні прадпрыемствамі групы кампаній „1АК”, выказванне пратэсту ў сувязі з будаўніцтвам побач з Брэстам завода свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй „АйПаўэр”.

Заяўнікамі пікетавання выступілі трое брэстаўчан, у тым ліку праваабаронца Раман Кісляк. „Берасцейскі гарвыканкам забараніў гэтыя акцыі, у чарговы раз спаслаўшыся на сваё рашэнне, у адпаведнасці з якім масавыя мерапрыемствы па заяве грамадзян можна праводзіць толькі ў двух месцах: у парку Воінаў-Інтэрнацыяналістаў і на стадыёне „Лакаматыў„, — паведаміў БелаПАН праваабаронца. — Гэта грубае парушэнне права грамадзян на свабоднае выказванне сваіх поглядаў. Пры гэтым самі ўлады і з іх дазволу розныя арганізацыі рэгулярна праводзяць масу мерапрыемстваў па ўсім горадзе„.

Ён падкрэсліў, што з усіх пададзеных раней актывістамі заявак на акцыі супраць будаўніцтва акумулятарнага завода гарвыканкам санкцыянаваў толькі адну: 29 красавіка мітынг „Брэстаўчанкі супраць свінцу” на ўскраіне Берасця, у парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў, на які сабралася каля дзвюх тысяч чалавек.

Тры акцыі ў цэнтры горада: два мітынгі (31 сакавіка і 10 чэрвеня) і дэманстрацыя і мітынг „Марш супраць свінцу” (3 чэрвеня) мясцовая ўлада забараніла на падставе таго, што ў адпаведнасці з рашэннем гарвыканкама на заяўленых пляцоўках не дапускаецца правядзенне масавых мерапрыемстваў.

Па аналагічнай прычыне Берасцескі райвыканкам забараніў правядзенне 19 і 26 чэрвеня пікетаў пад лозунгам „Заводу тут не месца” побач з будаўнічай пляцоўкай акумулятарнага завода.

Адзіная дазволеная чыноўнікамі акцыя атрымалася для іх нечакана масавай. Таму яны вырашылі схаваць пратэст супраць акумулятарнага завода за сцены: у залы і кабінеты, якія не змогуць змясціць тысячы брэстаўчан, якія выступаюць супраць гэтага асабліва небяспечнага прадпрыемства„, — заявіў Кісляк.

Узвядзенне акумулятарнага завода пачалося на прамысловай пляцоўцы „Аэрапорт” у свабоднай эканамічнай зоне „Брэст”. Будуе прадпрыемства ТАА „АйПаўэр” — рэзідэнт СЭЗ. Падрадчык — кітайскае ТАА „Аньхойская знешнеэканамічная будаўнічая карпарацыя”. На заводзе будзе наладжаны поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй.

Жыхары Берасця і Берасцейскага раёна лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Амаль 37 тыс. подпісаў супраць будаўніцтва завода былі перададзеныя ў Адміністрацыю прэзідэнта ў лютым. Аднак урадавая камісія не выявіла парушэнняў у рэалізацыі праекта па будаўніцтве завода. 17 мая на гэты адказ была накіравана адпаведная скарга на імя Аляксандра Лукашэнкі.

11 мая на імя Лукашэнкі быў накіраваны зварот жыхароў Берасця і Берасцейскага раёна з просьбай вызваліць ад пасады старшынь брэсцкіх аблвыканкама, гарвыканкама і райвыканкама ў сувязі са стратай даверу. Пад гэтым дакументам падпісаліся 3.226 чалавек.

З 25 лютага кожную нядзелю на плошчу Леніна ў Берасці прыходзяць праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода. Яны стаяць групамі, размаўляюць, абмяркоўваюць навіны, звязаныя з будаўніцтвам прадпрыемства, кормяць галубоў.  БелаПАН