У Берасці ўшанавалі памяць Алеся Чаркашына
У Берасці падчас адмысловай вечарыны ўшанавалі памяць Алеся Чаркашына. Гэта, бадай, першае грамадскае мерапрыемства па загінулым у зоне АТА добраахвотніку ў родным горадзе, праз дзевяць месяцаў з дня пахавання. Гаворыць бацька Алеся Чаркашына, Мікалай:
– Дзевяць месяцаў хутка праляцелі. Падтрымліваем сувязі і з Украінай, і з Беларуссю. Людзі нас падтрымліваюць, тэлефануюць, цікавяцца. На гадавіну смерці і адкрыццё помніку, спадзяюся, усе прыйдуць. Там і сустрэнемся. Думаю, з Украіны таксама прыедуць.
Агулам на рэквіем сабралася два дзясяткі чалавек з кола сяброў, паплечнікаў па грамадска-палітычнай дзейнасці і сваякоў Алеся Чаркашына. Загінулы добраахвотнік пісаў музыку, граў на гітары і паспеў запісаць некалькі песень, якія былі прадстаўлены ўдзельнікам мерапрыемства. Таксама адбыўся збор рэшты сродкаў на помнік, які маюць усталяваць да 28 жніўня, гадавіны гібелі Алеся, на могілках у Камяніцы Жыравецкай.
Павел Севярынец прэзентаваў праект помніка загінуламу добраахвотніку, а таксама агучыў лічбы ахвяраванняў, якія ўдалося за гэты час сабраць. Ужо ёсць 75 адсоткаў ад неабходнай сумы, а гэта каля трох тысячаў даляраў:
– Дзякуй берасцейцам за тое, што яны сабралі грошы, а гэта каля 340 даляраў. Па сённяшніх часах гэта даволі шмат для аднаго абласнога цэнтра. Слухачоў Беларускага Радыё Рацыя прашу, асабліва тых, хто жыве ў ваколіцах Берасця, – не займайце іншымі справамі дзень 28 жніўня, а прыязджайце на адкрыццё помніка Алесю Чаркашыну.
Зараз узгадняюцца дэталі аздаблення помніка скульптарам Генікам Лойкам з бацькамі Алеся Чаркашына. Вядома, што ў ліпені запланаваны пачатак вырабу манументу, а ягоная ўстаноўка пачнецца ў жніўні. Сродкі на помнік накіравалі грамадзяне Беларусі, Украіны, Літвы, Расеі, Польшчы, Злучаных Штатаў і іншых краін.
Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце