У Берасці ўшануюць памяць Алеся Чаркашына
Берасцейцы рыхтуюцца ўшанаваць памяць Алеся Чаркашына, беларускага дабраахвотніка, які загінуў на ўсходзе Украіны падчас Антытэрарыстычнай аперацыі. Вядома, што на вечар памяці будуць запрашаць сваякоў і блізкае кола сяброў, але не публічна.
Кажа паплечнік і сябра Чаркашына Андрусь Любянчук:
– Збіраем у гэты дзень самых блізкіх людзей. З помнікам вырашылі пачакаць, каб дапрацаваць праект, дарабіць усе дэталі. Асноўная частка помніка гатова, але крыху не хапае фінансаў. Таму ўсталяваць вырашылі пазней – на ягоны дзень народзінаў.
Алесь Чаркашын памёр год таму 28-га жніўня пасля таго, як атрымаў раненні падчас аднаго з баёў. Бацькі прынялі рашэнне аб перавозцы цела байца Тактычнай групы „Беларусь” на радзіму ў Берасце. Дзясяткі людзей з Беларусі і іншых краінаў тады адгукнуліся і фінансава дапамаглі ў арганізацыі пахавання.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце