У Берасці ўсталявалі помнік Бібліі
Помнік “Берасцейскай бібліі” 1563 года выдання з’явіўся ў горадзе над Бугам. Ініцыятары ўсталявання кампазіцыі – мясцовыя ўлады і прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці. Падрабязней кажа краязнаўца і галоўны рэдактар газеты “Царква” Ігар Бараноўскі, які прысутнічаў на адкрыцці помніка:
– Безумоўна, для Берасця ўсталяванне кожнага помніка, які нагадвае пра сярэднявечнае старое Берасце, – гэта вельмі важна і вельмі патрэбна, бо такіх помнікаў у нас вобмаль. Можна назваць помнік тысячагоддзя, музей Берасця. І што яшчэ? Мала хто нешта яшчэ скажа, каб падкрэсліць нашую тысячагадовую гісторыю. Таму гэты помнік, безумоўна, вельмі добра, што з’явіўся.
[Not a valid template]
Берасцейская друкарня, першая на тэрыторыі сучаснай Беларусі, у якой і была выдадзена “Берасцейска біблія”, была заснавана на сродкі канцлера ВКЛ Мікалая Радзівіла Чорнага. Месцілася яна ў старым (цяпер неіснуючым) горадзе. Калі ўзяць за арыенцір сучасныя збудаванні, то друкарня была недзе паміж манументам “Мужнасць” і праваслаўнай царквой, што месцяцца зараз на тэрыторыі Берасцейскай крэпасці. Сам жа помнік усталявалі на скрыжаванні Пушкінскай і Кірава, акурат ля Берасцейскай абласной бібліятэкі.
Цалкам гук слухайце ў далучаным файле:
Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
Фота аўтара