У Берасці пачата крыміналка ў дачыненні да донара-махляра



40-гадовы берасцеец падазраецца ў завалоданні ашуканскім шляхам грашовымі сродкамі Берасцейскай абласной станцыі пералівання крыві.

Як паведаміў БелаПАН афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Берасцейскай вобласці Дзмітрый Іванюк, з 2013 года па 2016-ы мужчына падаваў на станцыю пералівання крыві падробленыя даведкі аб тым, што яму, згодна з заканадаўствам, на працоўным месцы далі выхадныя дні пасля здачы донарскай крыві.

На падставе гэтых даведак Берасцейская абласная станцыя пералівання крыві аплачвала яму выхадныя, хоць фактычна ён знаходзіўся на сваім працоўным месцы і за гэтыя ж дні атрымаў заработную плату.

Дзеяннямі мужчыны станцыі пералівання крыві быў нанесены матэрыяльны ўрон на агульную суму звыш 3 тыс. рублёў, які пакрыты ім у поўным аб’ёме.

Супрацьпраўныя дзеянні падазраванага былі выяўлены супрацоўнікамі аддзялення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Маскоўскага РАУС Берасця.

У дачыненні да мужчыны Берасцейскім міжраённым аддзелам Следчага камітэта распачата справа па ч.1 арт. 209 КК (махлярства).