У Берасці вайскоўца будуць судзіць за дзедаўшчыну



10 лютага прэс-служба Міністэрства абароны Беларусі распаўсюдзіла паведамленне пра пачатак крымінальнага пераследу ваеннаслужачага тэрміновай службы адной з частак Берасцейскага гарнізона, які дапусціў нестатутныя адносіны.

Назва часткі і пацярпелыя ў гэтай інфармацыі не называюцца, аднак, гаворка, хутчэй за ўсё, ідзе пра 38-ю асобную мабільную брыгаду, двое ваеннаслужачых якой у пачатку лютага самавольна пакінулі часць па прычыне нестатутных адносін. Пра гэта 9 лютага паведаміла інтэрнэт-газета naviny.by.

Прэс-служба Міністэрства абароны інфармуе: „Двое ваеннаслужачых адной з вайсковых часцей Берасцейскага гарнізона пасля атрымання спагнанняў за дапушчаныя імі парушэнні воінскай дысцыпліны самавольна пакінулі вайсковую часць і ў далейшым былі затрыманыя. Па гэтым факце камандзірам вайсковай часткі неадкладна была прызначана праверка, якая праводзілася з 4 лютага 2016 года. Па выніках праверкі камандзірам распачата крымінальная справа па артыкуле 443 „Парушэнне статутных правіл узаемаадносін паміж ваеннаслужачымі” ў дачыненні да саслужыўца ваеннаслужачых, які таксама праходзіць тэрміновую ваенную службу і які дапусціў супрацьпраўныя дзеянні”.

„Бескампрамісны падыход да правапарушальнікаў і няўхільнасць пакарання непасрэдных віноўнікаў супрацьпраўных дзеянняў — найважнейшы прынцып ўмацавання і падтрымання правапарадку ў беларускай арміі”, — гаворыцца ў паведамленні.

belapan.by