У Берасці выйшаў на волю Аляксандр Казлянка



Пасля чатырохсуткавага адміністрацыйнага арышту выйшаў на свабоду адзін з удзельнікаў маршаў супраць “дэкрэту аб дармаедстве” ў Берасці Аляксандр Казлянка. Яго затрымалі ўвечары, адразу пасля акцыі 5 сакавіка, калі дэманстранты падыйшлі да будынку мясцовага гарвыканкаму. Ля будынку Ленінскага РАУС сустракаць Казлянку сабраліся праваабаронцы, ягоныя паплечнікі і нават незнаёмыя з ім людзі:

– Дзякуй Богу, мы ўсе на свабодзе. Але што да вас, дык я лічу, што гэта проста міліцэйскі “беспрыдзел”. Я з гэтым абсалютна нязгодная. Проста чалавечае вам дзякуй.

Аляксандр Казлянка: Была падвышаная ўвага СМІ, таму ледзь ні на руках насілі – такія былі адносіны адміністрацыі. Усё культурна, усё ў час. Кіпень папросіш – адразу прынясуць. Ніякіх прэтэнзіяў і блізка няма.

Яшчэ за кратамі знаходзяцца трое ўдзельнікаў акцый за адмену Дэкрэта №3, якая адбылася 5 сакавіка ў Берасці. Тады, пасля прэвентыўных затрыманняў грамадскіх актывістаў за папярэднія акцыі, калону ачоліла група анархістаў у балаклавах. Адразу пасля акцыі частку з іх арыштавалі.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце.