У Берасці вынесены прысуд 12 фігурантам чацвёртай „справы аб карагодзе”



8 чэрвеня суд Берасцейскага раёна вынес прысуд 12 фігурантам чацвёртай „справы аб карагодзе”.

Як паведамляе тэлеграм-канал „Вясна. Брэст”, яны прызнаныя вінаватымі паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

Вольга Глушэнь, Марына Дарашук, Раман Дземідовіч, Святлана Марчук, Алеся Крамчаніна, Вікторыя Каральчук і Паліна Ляшко — прыгавораныя да паўтара года абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Андрэю Ляшко (мужу Паліны Ляшко) прызначана паўтара года абмежавання волі, Арсену Сіняку, яго бацьку Яўгену Сіняку і Мікалаю Папеку — па два гады абмежавання волі. Усе з адбываннем пакарання ў папраўчай установе адкрытага тыпу.

Рамана Яхіна асудзілі на два гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Як паведамлялася, крымінальных „спраў аб карагодзе” некалькі. Прысуд фігурантам першай „справы аб карагодзе” вынес суд Ленінскага раёна Берасця 25 лютага, другой — гэты ж суд 15 сакавіка. Суд Маскоўскага раёна 7 траўня вынес прысуд фігурантам трэцяй справы, 3 чэрвеня — пятай справы.

Гэтымі судамі былі асуджаныя 45 чалавек. Адзін — на адзін год і адзін месяц пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. Тры — на пазбаўленне волі ў калоніі агульнага рэжыму: адзін — на адзін год і восем месяцаў, адзін — на паўтара года, адзін — на год.

Да абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу прыгавораны 21 чалавек: 10 — на два гады і 11 — на паўтара года.

20 чалавек асуджаныя на абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. З іх 5 чалавек — на два гады, 14 — на паўтара года, адзін — на год.

Усе фігуранты гэтых спраў прызнаныя вінаватымі паводле ч. 1 арт. 342 КК.

Паводле абвінавачання, 13 верасня 2020 года яны ўзялі ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве ў цэнтры Берасця. Знаходзячыся на праезнай частцы перасячэння праспекта Машэрава, бульвара Касманаўтаў і бульвара Шаўчэнкі, у групе з іншымі асобамі яны „наўмысна ўзялі актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак”. Гэтыя дзеянні, гаворыцца ў абвінавачанні, былі спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, пацягнулі парушэнне работы транспарту, прадпрыемстваў і арганізацый. Удзельнікаў акцыі пратэсту, якія пачалі вадзіць карагоды на скрыжаванні, сілавікі разагналі з ужываннем вадамёта.

Фігуранты першых дзвюх „спраў аб карагодзе” абскардзілі прысуды ў Берасцейскім абласным судзе. Іх скаргі пакінутыя без задавальнення.

Паводле звестак праваабаронцаў, агульная колькасць фігурантаў „спраў аб карагодзе” больш за 60. Брэсцкі праваабаронца Раман Кісляк лічыць, што ў дзеяннях абвінавачваных няма складу крымінальнага злачынства. „Гэта адміністрацыйнае правапарушэнне”, — заявіў ён БелаПАН.

belapan.by