У Берасці вызначыліся з фарматам правядзення Дня Волі



Асноўныя накірункі свята вызначылі ў Берасці на другім паседжанні гарадскога арганізацыйнага камітэту святкавання 100-годдзя БНР. Пройдзе мітынг і канцэрт, будуць рамесныя пляцоўкі, будзе наладжаны продаж нацыяльнай сімволікі, адбудуцца дзіцячыя конкурсы, – распавёў старшыня берасцейскай абласной арганізацыі партыі БНФ Зміцер Шыманскі:

– Ужо больш менш даклана вядома, што гэта будзе плошча Свабоды ў Берасці. Вельмі сімвалічна, што Дзень Волі мы будзем адзначаць на плошчы Свабоды. Гэта будзе фармат фестываля. То бок найперш гэта мітынг, на якім выступяць грамадскія дзеячы, прадстаўнікі палітычных партый, таксама кіраўніцтва горада будзе выступаць. Пасля мітынга адбудзецца прыняццё рэзалюцый гэтага мітынгу. Пасля гарадскі духавы аркестр зайграе, спадзяемся, маршы тых часоў. Пасля пачнецца канцэрт беларускіх гуртоў.

Бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня» прыносіць на Дзень Волі дазволілі разам з іншай сімволікай, «тэматычна звязанай з адзначаемай падзеяй», сказаў Шыманскі.

Дакладна вядома, што на Дні Волі ў Берасці выступяць гурты :B:N: і Re1ikt, Zolki Band.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце