У Берасці за крадзяжы затрыманыя двое крымчан
У Берасці 7 лютага супрацоўнікі міліцыі затрымалі злодзеяў-гастралёраў, якія ўчынілі ў горадзе серыю кватэрных крадзяжоў.
Як паведаміў начальнік аддзялення інфармацыі і грамадскіх сувязей УУС Берасцейскага аблвыканкама Сяргей Дучэнка, затрыманыя: 28-гадовая і 36-гадовы жыхары Севастопаля. У канцы студзеня яны прыляцелі ў Беларусь самалётам з Арменіі. Устаноўлена, што з 1 па 5 лютага гэтыя грамадзяне ўчынілі ў Берасці не менш за 12 крадзяжоў з жылля гараджан.
Зламыснікі, пераканаўшыся ў адсутнасці гаспадароў, у працоўны час пранікалі ў кватэры і прыватныя дамы, пашкоджваючы замкі, і выкрадалі грошы і ювелірныя вырабы. Паводле папярэдніх дадзеных, агульны кошт выкрадзенага складае не менш за 300 млн. рублёў.
Пры затрыманні ў змоўшчыкаў канфіскавана выкрадзеная маёмасць, а таксама набор прыстасаванняў для адкрыцця дзвярных замкоў. Затрыманыя змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання.
Праваахоўнікі праводзяць далейшыя аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы і следчыя дзеянні па ўстанаўленні датычнасці гэтых асоб да раней учыненых аналагічных злачынстваў на тэрыторыі Берасця.