У Берасці забаранілі запланаваныя на выхадныя мітынгі супраць завода АКБ



Мясцовыя ўлады забаранілі правядзенне ў Берасці чатырох мітынгаў супраць будаўніцтва акумулятарнага завода. Па два мітынгі планаваліся на 26 і 27 студзеня на пляцоўцы каля сцэны ў парку Воінаў-Інтэрнацыяналістаў, якая вызначаная мясцовай уладай для правядзення масавых мерапрыемстваў.

Як паведаміў БелаПАН адзін з заяўнікаў акцый праваабаронца Раман Кісляк, з адказу гарвыканкама вынікае, што мітынгі не дазваляюць у сувязі з правядзеннем там запланаваных раней мерапрыемстваў: 26 студзеня — у межах рэспубліканскай акцыі „Бяспека ў кожны дом”, 27 студзеня — спаборніцтваў па зімовым мнагаборстве сярод навучэнцаў сярэдніх спецыяльных устаноў адукацыі Маскоўскага раёна горада.

„З заяўкамі на мітынгі супраць гэтага завода мы трапілі ў „дзень сурка”. Нам увесь час адмаўляюць, змяняюцца толькі назвы мерапрыемстваў. Людзям ўжо цікава, якія там „запланаваныя раней мерапрыемствы” прыдумаюць улады, каб не дапусціць публічныя акцыі супраць завода”, — заявіў Кісляк.

Грамадская кампанія супраць акумулятарнага завода пачалася ў рэгіёне ў студзені 2018 года. За гэты час актывісты падалі заяўкі на правядзенне ў Брэсце і Брэсцкім раёне 44 мітынгаў, 12 пікетаў і пяці дэманстрацый. Улады санкцыянавалі толькі адну акцыю: 29 красавіка мітынг „Брэстаўчанкі супраць свінцу”, на які сабралася каля дзвюх тысяч чалавек.

Праціўнікі прадпрыемства збіраюцца з 25 лютага кожную нядзелю на плошчы Леніна.

belapan.by