У Берасці загінуў 18-гадовы пасажыр аўтамабіля, за рулём якога быў п’яны
У Берасці ў ДТЗ загінуў пасажыр аўтамабіля „Акура”.
Як паведамляе ДАІ УУС Берасцейскага аблвыканкама, аварыя здарылася 23 жніўня прыблізна ў 1.20 на вуліцы Кастрычніцкай Рэвалюцыі.
На скрыжаванні 19-гадовы вадзіцель, жыхар Берасця, не выбраў бяспечную хуткасць руху, не справіўся з кіраваннем і з’ехаў у кювет, пасля чаго машына перакулілася некалькі разоў. 18-гадовы жыхар Пінска, які знаходзіўся на пярэднім пасажырскім сядзенні, загінуў.
Устаноўлена, што вадзіцель не мае права кіравання легкавымі аўтамабілямі і знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення (0,4 праміле).
Загінулы юнак не быў прышпілены рэменем бяспекі.
Па факце ДТЗ праводзіцца праверка.