У Берасці затрымалі камерцыйных шпіёнаў
У камерцыйным шпіянажы падазраюцца 48-гадовы спецыяліст па забеспячэнні адной з берасцейскіх будаўнічых кампаній і 41-гадовы менчук, які нідзе не працуе.
Як паведамілі БелаПАН у 6-м упраўленні (па Берасцейскай вобласці) галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС, 31 ліпеня ў берасцейскім парку культуры і адпачынку імя 1 траўня супрацоўнікі ўпраўлення сумесна з АМАПам затрымалі мужчын пры перадачы хабару ў памеры 2,5 тыс. даляраў ЗША намесніку начальніка цэха вытворчасці палімераў, лакаў і фарбаў мясцовай прыватнай фірмы.
За дачу хабару ў дачыненні да менчука і жыхара Берасця была пачатая крымінальная справа. Падчас расследавання ўстаноўлена, што за хабар у 5 тыс. даляраў мужчыны мелі намер атрымаць звесткі пра тэхналогіі вытворчасці супалімера стырол-акрылавага. Гэты матэрыял распрацаваны прыватным прадпрыемствам і з’яўляецца яго камерцыйнай таямніцай. У якасці авансу яны перадалі намесніку начальніка цэха 2,5 тыс. даляраў.
Следчым камітэтам па Берасцейскай вобласці ў дачыненні да менчука і жыхара Берасця пачатая справа па ч. 1 арт. 254 КК (камерцыйны шпіянаж). У дачыненні да падазроных абраная мера стрымання ў выглядзе падпіскі аб нявыездзе.