У Берасці затрымалі праціўніка будаўніцтва акумулятарнага завода



У Берасці 30 снежня супрацоўнікі ДАІ затрымалі грамадскага актывіста Віталя Казака, які планаваў правесці на плошчы Леніна навагодняе свята.

Як паведаміў БелаПАН Казак, напярэдадні ён занёс у гарвыканкам пісьмовае паведамленне аб тым, што 30 снежня з 11.30 да 14.00 як індывідуальны прадпрымальнік арганізуе на плошчы Леніна навагоднюю святочную праграму. Аналагічнае апавяшчэнне накіраваў у падатковую інспекцыю.

„Па нядзелях у гэты час на плошчы Леніна збіраюцца праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода пад Брэстам. Я таксама супраць гэтага завода і не раз прыходзіў на плошчу. Таму мая навагодняя праграма з Дзедам Марозам і Снягуркай планавалася з экалагічнай скіраванасцю”, — расказаў Казак.

Паводле яго слоў, увечары 29 снежня яму патэлефанавалі з гарвыканкама і прапанавалі раніцай 30 снежня сустрэцца і абгаварыць некаторыя пытанні адносна гэтага мерапрыемства.

„У 9.00 на вуліцы Піянерскай мой аўтамабіль спыніў супрацоўнік ДАІ. Спачатку ён вельмі доўга правяраў мае дакументы, потым павёз мяне на медыцынскі агляд. Як мне падалося, туды ў гэты час сагналі п’яных людзей з усяго горада. Агляд паказаў, што я цвярозы. але я прасядзеў там да 14.00, — паведаміў Казак. — У выніку свята сарвалі, таму што мяне нейтралізавалі супрацоўнікі міліцыі. Для гэтага яны і правялі гэтую „спецаперацыю”.

15 кастрычніка суд Ленінскага раёна Берасця аштрафаваў Казака на 10 базавых велічыняў (245 рублёў) за ўдзел у акцыі супраць будаўніцтва акумулятарнага завода, якая прайшла 14 кастрычніка на плошчы Леніна ў Берасці.

На плошчу Леніна па нядзелях з 25 лютага прыходзяць праціўнікі акумулятарнага завода. Сёння ў 44-ты раз на плошчы сабраліся жыхары рэгіёна, якія выступаюць супраць будаўніцтва экалагічна небяспечнага прадпрыемства.