Рэдактар сайту „Першы Рэгіён” вызвалены да суда (абноўлена)



На Берасцейшчыне працягваецца пераслед незалежных медыя. Цягам сутак быў затрыманы і ўжо адпушчаны рэдактар навінаў сайту „Першы рэгіён” Алег Супрунюк:

– Позна ўвечары 6 ліпеня журналіста з дому забралі сілавікі. Алег Супрунюк знаходзіўся ў Ленінскім РАУС горада Берасця. Рэдактара вінавацяць у вырабе і распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Сёння, 7 ліпеня, пачаўся суд над журналістам. Але аб’яўлены перапынак да заўтра, 8 ліпеня. Зараз Алег Супрунюк да працягу судовага паседжання мае магчымасць знаходзіцца дома.

Справа датычыцца падрыхтоўкі журналісцкага матэрыялу, дзе фатаздымак яшчэ раней быў прызнаны экстрымісцкім. Згодна закону, можа быць прызначанае пакаранне ў выглядзе буйнога штрафа альбо адміністрацыйны арышт.

Аліса Поль, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

* * * 

Па якой прычыне Алег Супрунюк зацікавіў сілавікоў, невядома.

Як паведамляе сайт, каля 22.20 у аўторак, 6 ліпеня, журналіста забралі з дому супрацоўнікі міліцыі. Цяпер Алег Супрунюк знаходзіцца ў Ленінскім РАУС Берасця, ён затрыманы. Алег Супрунюк — сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў, некаторы час узначальваў яе аддзяленне ў Берасці. Працаваў у газэце „Брестский курьер” і іншых выданнях.

У Беларусі на сёння, паводле дадзеных БАЖ, 25 прадстаўнікоў медыя перабываюць у зняволенні. У прыватнасці, працягваецца крымінальная справа супраць парталу TUT.BY, матэрыялы якога могуць прызнаць экстрэмісцкімі. Да 2 гадоў калоніі асуджаныя журналісткі Белсату Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова. Медыяэксперту Андрэю Аляксандраву выставілі абвінавачанне ў дзяржаўнай здрадзе.