У Берасці затрымалі Зінаіду Міхнюк
Актывістка Прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці Зінаіда Міхнюк з Берасця працягвае заставацца за кратамі. Супраць яе распачатая крымінальная справа, – кажа намеснік старшыні прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасці Генадзь Фядыніч:
– Зінаіда Міхнюк – прадстаўнік прафсаюза ў берасцейскім рэгіёне, намеснік старшыні прафсаюза. Была затрыманая 25 сакавіка на 72 гадзіны. 72 гадзіны закончыліся, і яна, па нашай інфармацыі, пераведзена ў СІЗА. Ёй інкрымінуюць артыкул 368-ы частка 1 Крымінальнага кодэкса «Абраза кіраўніка дзяржавы».
Дома ў Зінаіды Міхнюк і на офісе РЭПу ў Берасці былі праведзены вобшукі. У прыватнасці, забралі дакументы, якія датычаць дзейнасці прафсаюзу. Зараз калегі Зінаіды Міхнюк шукаюць адваката для затрыманай актывісткі.
Беларускае Радыё Рацыя
***
У Дзень Волі ў Берасці сілавікі праз акно ўламіліся ў дом актывісткі Незалежнага прафсаюза работнікаў РЭП Зінаіды Міхнюк, паведамляюць праваабаронцы.

У доме адбыўся ператрус, сама Зінаіда была затрыманая. Дакладныя прычыны вобшуку і затрымання невядомыя.
Ад знаёмых затрыманай вядома, што па яе справе на допыт у Берасце у той жа дзень прывозілі юрыста-праваабаронцу Уладзіміра Малея, які жыве ў Маларыце. Яго дапыталі ў якасці сведкі па справе.
