У Берасці затрыманая 63-гадовая грамадская актывістка Алена Гнаўк
У Берасці 13 снежня затрыманая 63-гадовая грамадская актывістка Алена Гнаўк.
Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісляк, пенсіянерку затрымалі каля 14.00 на пешаходнай вуліцы Савецкай і даставілі ў Ленінскі РАУС.
„Ніякіх акцый пратэсту ў гэты час на гэтай вуліцы не было. Гнаўк прыйшла з сяброўкай выпіць кавы і проста ішла па вуліцы Савецкай”, — дапоўніў праваабаронца.
Гнаўк — удзельніца акцый прыхільнікаў перамен. Яе ўжо чатыры разы судзілі па артыкуле 23.34 КоАП.
За ўдзел у акцыі 30 жніўня пенсіянерка была аштрафаваная на 30 базавых велічынь (810 рублёў), за ўдзел у акцыі 4 кастрычніка — арыштаваная на 15 сутак, за ўдзел у акцыі 25 кастрычніка — аштрафаваная на 40 базавых велічынь (1.080 рублёў), за ўдзел у акцыі 15 лістапада — аштрафаваная на 50 базавых велічынь (1.350 рублёў).
„Сёння ў Берасці акцыі пратэсту праходзяць у розных частках горада. Людзі з бел-чырвона-белымі сцягамі выстройваюцца ў ланцугі салідарнасці. На гэты час няма звестак пра затрыманні ўдзельнікаў такіх акцый”, — паведаміў Кісляк.
belapan.by