У Берасці затрыманы адзін з удзельнікаў шэсця
У Берасці 3 траўня затрыманы адзін з удзельнікаў шэсця праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода, паведаміў БелаПАН праваабаронца Уладзімір Вялічкін.
Супрацоўнікі міліцыі затрымалі актывіста каля 13.30, калі той сыходзіў ад кінатэатра „Беларусь” пасля завяршэння шэсця, расказаў Вялічкін.
„Затрымлівалі яго некалькі супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным адзенні. Паводле слоў актывістаў, гэтага чалавека завуць Андрэй. Прозвішча яго яны не ведаюць. Вядома, што ён быў сёння на плошчы Леніна, дзе сабраліся праціўнікі акумулятарнага завода, — дапоўніў праваабаронца. — Будзем высвятляць, за што яго затрымалі”.
3 мая на плошчы Леніна ў Берасці сабралася каля 250 праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода. Пасля сустрэчы яны прайшлі па цэнтральных вуліцах горада Пушкінскай і Савецкай да кінатэатра „Беларусь”. Па дарозе скандавалі „Не заводу АКБ!”, „Свабоду актывістам!”, „Генацыд не пройдзе!”, „Чыноўнікаў на нары!”.
Галоўнай тэмай сённяшняй сустрэчы стала знікненне актывістаў Дзмітрыя Андрасюка і Аляксандра Кабанава, якія 3 мая павінны былі выйсці на волю з ізалятара часовага ўтрымання Ленінскага РАУС Берасця пасля адбыцця 15-сутачнага арышту. Кабанаў —у 7.30, Андрасюк — у 9.30. Сустракаць іх прыйшла група праціўнікаў акумулятарнага завода. Аднак Кабанаў і Андрасюк так і не з’явіліся. У ізалятары бацьку Андрасюка паведамілі, што актывісты адпушчаныя. Аднак да гэтага часу іх месцазнаходжанне невядомае.
„Хутчэй за ўсё, Кабанава і Андрасюка зноў затрымалі. З гэтай нагоды я накіраваў скаргі ў рабочую групу ААН па адвольных затрыманнях”, — адзначыў праваабаронца Раман Кісляк.
Як паведамлялася, 20 красавіка судом Ленінскага раёна Берасця былі арыштаваныя на 15 дзён Андрасюк і Кабанаў, 22 красавіка — Дзмітрый Бекалюк. Андрасюка і Бекалюка абвінавацілі па ч. 3 арт. 23.34 КоАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў паўторна на працягу года), Кабанава — па ч. 1 арт. 23.34 КоАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў). Бекалюк павінен выйсці на волю з ІЧУ 4 мая.
Актывістаў судзілі за ўдзел у акцыі супраць акумулятарнага завода, якая прайшла 12 красавіка ў Берасці. У гэты дзень на плошчы Леніна сабралася больш за 200 праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода. Пасля сустрэчы яны прайшлі па вуліцах Пушкінскай і Савецкай да ЦУМа на праспекце Машэрава. Наперадзе калоны неслі расцяжку „Не заводу АКБ”. Удзельнікі шэсця скандавалі „Не заводу АКБ!” і „Генацыд не пройдзе!”.
Грамадская кампанія супраць акумулятарнага завода пачалася ў рэгіёне ў студзені 2018 года. За гэты час актывісты падалі заяўкі на правядзенне ў Берасці і Берасцейскім раёне 325 мітынгаў, 18 пікетаў і 16 дэманстрацый. Улады санкцыянавалі толькі адну акцыю: 29 красавіка 2018 года мітынг „Брастаўчанкі супраць свінцу”, на які прыйшло каля дзвюх тысяч чалавек. Праціўнікі завода з 25 лютага 2018 года кожную нядзелю збіраюцца на плошчы Леніна ў Берасці.