Аляксандра Кабанава адпусцілі з міліцыі (абноўлена)



Затрыманага ў Берасці блогера Аляксандра Кабанава адпусцілі з міліцыі.

„Мяне даставілі ў Ленінскі РАУС. Каля 16.25, пасля апытання ў сувязі з адміністрацыйным правапарушэннем, адпусцілі з міліцыі. Я ўпэўнены, што мяне будуць судзіць за правядзенне несанкцыянаванага масавага мерапрыемства, хоць збор подпісаў пад закон „Аб масавых мерапрыемствах” не падпадае, а рэгламентуецца законам „Аб зваротах грамадзян”, — паведаміў БелаПАН Кабанаў.

Кабанава затрымалі 15 ліпеня каля 13.40 каля ўваходу на рынак на вуліцы Пушкінскай, дзе ён збіраў подпісы за адстаўку берасцейскіх чыноўнікаў — кіраўнікоў абласнога, раённага і гарадскога выканкамаў, якія не рэагуюць на патрабаванні мясцовых жыхароў спыніць будаўніцтва пад Берасцем акумулятарнага завода.

* * * 

Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісляк, Кабанава затрымалі прыблізна ў 13.40 каля ўваходу на рынак на вуліцы Пушкінскай, дзе ён меў намер збіраць подпісы за адстаўку берасцейскіх чыноўнікаў — кіраўнікоў абласнога, раённага і гарадскога выканкамаў, якія не рэагуюць на патрабаванні жыхароў спыніць будаўніцтва ў Берасці акумулятарнага завода.

Кабанава завезлі ў Ленінскі РАУС Берасця.

24 чэрвеня каля рынку былі затрыманыя праціўнікі будаўніцтва завода Дзмітрый Бекалюк і Алег Ярмоленка. Яны былі прызнаныя вінаватымі па ч. 1 арт. 23.34 КаАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў) і аштрафаваныя на 20 базавых велічынь (490 рублёў) кожны.

Раней праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода пад Берасцем звярталіся ў Нацыянальны сход з просьбай патлумачыць, ці з’яўляецца збор подпісаў на вуліцы масавым мерапрыемствам, якія падпадаюць пад дзеянне адпаведнага заканадаўства. 8 чэрвеня старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Андрэй Навумовіч накіраваў адказ, у якім паведаміў, што збор подпісаў масавым мерапрыемствам не з’яўляецца.