У Берасці затрыманы грамадскі актывіст Віталь Казак
Апошнім часам Віталь Казак разам з паплечнікамі займаўся ўшанаваннем памяці закатаваных жыхароў гораду ў часы нямецкай акупацыі.
Парэшткі людзей былі знойдзены ў адным з кварталаў колішняга Берасцейскага гета, на месцы якога мусіў вырасці элітны жыллёвы квартал. З гэтай нагоды Віталь правёў шэраг акцыяў памяці ахвяраў тых часоў:
– Адначасова выкопваюцца парэшкі сотняў закатаваных, хачу падкрэсліць, не габрэяў толькі, а берасцейцаў. Яны нашыя грамадзяне. І ніхто не збіраецца ўшанаваць іх памяць. Абмежавацца тым, што там стаіць памятны знак. А тут спачываюць дзеці, жанчыны, якія не трымалі ў руках зброі. Пад каронь была ссечаная ўся абшчына берасцейская.
Як стала вядома мясцоваму праваабарончаму цэнтру, Віталь Казак 15 сакавіка а 14-й гадзіне мусіў з’явіцца ў пастарунак міліцыі на набярэжнай імя Францыска Скарыны. Па ягонаму меркаванню, выклікалі яго на размову адносна адной са сваіх акцыяў, прысвечаных ахвярам гета. Актывісту з пастарунку самастойна выйсці не ўдалося, бо яго адвезлі ў ІЧУ Ленінскага раёна Берасця. Па інфармацыі праваабаронцаў яго пратрымаюць там да панядзелка, пасля чаго адбудзецца суд. “Па папярэдняй інфармацыі інкрымінуюць Віталю “дробнае хуліганства”, мажліва па двух эпізодах”, – зазначылі праваабаронцы.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце.