У Берасці затрыманы Канстанцін Астапук (абноўлена)



Як стала вядома пазней, затрыманы ў Берасці праціўнік будаўніцтва акумулятарнага завода Канстанцін Астапук змешчаны ў ІЧУ.

* * * 

У Берасці затрыманы праціўнік будаўніцтва акумулятарнага завода Канстанцін Астапук, паведаміў БелаПАН праваабаронца Уладзімір Вялічкін.

Паводле яго слоў, 11 лістапада Астапук прыйшоў на плошчу Леніна, дзе традыцыйна сабраліся праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода, у роставай ляльцы ліса. Ён гуляў з дзецьмі, раздаваў ім паветраныя шары. Прыблізна ў 13.10, калі Астапук у касцюме ліса садзіўся ў машыну, каб паехаць з плошчы, яго затрымалі супрацоўнікі АМАП.

„Астапука даставілі ў Ленінскі РАУС. Яго тэлефон не адказвае. Згодна з маімі звесткамі на 15.40, з міліцыі ён не выйшаў”, — сказаў праваабаронца.

Вялічкін нагадаў, што 30 верасня Астапук прыйшоў на плошчу Леніна, дзе ў той дзень сабраліся больш за 90 праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода, у вопратцы з налепкай супраць завода. Астапука затрымалі, калі ён ішоў з плошчы. 4 кастрычніка суд Ленінскага раёна Берасця прызнаў яго вінаватым на падставе ч. 1 арт. 23.34 КоАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў) і аштрафаваў на 14 базавых велічыняў (343 рублі). 10 кастрычніка суд аштрафаваў Астапука на тры базавыя велічыні (73,5 рубля) за непадпарадкаванне міліцыі падчас затрымання.

Будаўніцтва акумулятарнага завода ТАА „АйПаўэр” вядзецца на прамысловай пляцоўцы „Аэрапорт” у свабоднай эканамічнай зоне „Брэст”. На заводзе будзе наладжаны поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй. Жыхары  лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Актывісты выявілі шэраг парушэнняў пры рэалізацыі гэтага праекта і дамагаюцца прыпынення будаўніцтва.

belapan.by