Сяргея Пятрухіна затрымалі, а потым адпусцілі з пастарунка (абноўлена)



Берасцейскага блогера Сяргея Пятрухіна затрымалі раніцай, а потым адпусцілі. Пра гэта Радыё “Свабода” паведаміў блогер Аляксандар Кабанаў.

Сяргея Пятрухіна затрымлівалі «нібыта з-за няяўкі па позве». «Калі міліцыянты спрабавалі ўручыць позву, ён усё гэта фіксаваў на відэа. Там было многа парушэнняў. І калі ён сёння ў пастарунку паказаў гэтае відэа, то там параіліся і Сяргея адпусцілі», — сказаў Аляксандар Кабанаў.

* * * 

У Берасці затрыманы вядомы блогер і праціўнік акумулятарнага завода Сяргей Пятрухін. Пра гэта ў фэйсбуку паспеў паведаміць сам Пятрухін. Ён напісаў: “Cябры, у 7.40 мяне ў двары дома павязалі міліцыянты Рабушка, Вайтко і Лазіцкі. Галубоў карміць не прыйду”.

Кожную нядзелю ў 12 гадзін на плошчы Леніна ў Берасці збіраюцца праціўнікі завода акумулятарных батарэй, які пабудавалі каля горада. Каля самаго прадпрыемства стаіць варта: паводле актывістаў, яшчэ не прыняты завод пачаў выпуск прадукцыі і выкідае ў паветра шкодныя рэчывы.

Беларускае Радыё Рацыя