У Берасці затрыманы яшчэ адзін удзельнік „Маршу недармаедаў”



Супрацоўнікі міліцыі Ленінскага раёна Берасця затрымалі актывіста Андрэя Шарэнду. Па словахі жонкі Паліны, Андрэя пераследавалі яшчэ з аўторка. Спачатку запрашалі на размову па тэлефоне. У чацвер наведалі Шарэнду дома, уручылі павестку на 17 гадзін пятніцы, то бок 3 сакавіка, кажа Паліна Шарэнда-Панасюк:

– Пайшоў на 17 гадзін. Пасядзеў там хвілін 40. Яго не выклікалі. Ён пайшоў дадому. Пасля тэлефануюць: куды вы пайшлі, мы за вамі едзем. Яго на Усходзе затрымалі.

Паводле праваабаронцы Уладзіміра Вялічкіна, затрыманні выступоўцаў на „Маршы недармаедаў” цалкам незаконныя. Улада з дапамогай міліцыі хоча пазбавіць людзей законнага права выказваць свае думкі на мірных акцыях:

– Позвы выпісваюцца на 17 гадзін пятніцы толькі дзеля таго, каб рашэнні аб затрыманні актывістаў прымаліся адзінаасобна начальнікам міліцыіі. Пасля 17 гадзін суды закрываюцца і адкрыюцца толькі ў панядзелак.

Па словах Паліны Шарэнды, ёй да гэтага часу невядома, дзе яе муж і што з ім. Праваабаронца Вялічкін лічыць, што ў панядзелак затрыманых суд пакарае арыштам на некалькі сутак. Сілавымі структурамі ўсё робіцца для таго, каб збіць накал акцый.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

* * *

У Берасці 3 сакавіка затрыманы ўдзельнік акцыі за адмену дэкрэта аб „дармаедах” Андрэй Шарэнда.

Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісляк, прыблізна ў 18.30 на вуліцы ў мікрараёне Усход супрацоўнікі міліцыі спынілі Шарэнду і даставілі яго ў Ленінскі РАУС Берасця, дзе ён знаходзіцца цяпер.

„На гэтым тыдні Шарэнду два разы выклікалі ў міліцыю, дзе гутарылі з нагоды яго ўдзелу ў Брэсце 26 лютага ў несанкцыянаванай акцыі супраць дэкрэта № 3, — сказаў праваабаронца. — Я лічу, што мiлiцыя спецыяльна дацягнула затрыманне Шарэнды да вечара пятніцы, каб не дапусціць яго ўдзелу ў Берасці ў чарговай акцыі за адмену гэтага дэкрэта”.

Кісляк нагадаў, што 3 сакавіка прыблізна ў 14.30 у Берасці затрымалі ўдзельніцу акцый за адмену дэкрэта аб „дармаедах” Наталлю Папкову. Яе даставілі ў псіхіятрычны стацыянар абласнога псіханеўралагічнага дыспансера.

„Затрыманне двух чалавек яшчэ раз пацвярджае, што праводзіцца спланаваная спецаперацыя, падчас якой міліцыя нейтралізуе найбольш актыўных удзельнікаў акцый супраць гэтага дэкрэта”, — лічыць праваабаронца.

Чарговая несанкцыянаваная акцыя супраць дэкрэта аб „дармаедах” плануецца ў Берасці 5 сакавіка.

belapan.by