У Берасці затрыманыя блогеры Кабанаў і Пятрухін
Берасцейскія блогеры Аляксандр Кабанаў і Сяргей Пятрухін затрыманыя падчас збору подпісаў за адстаўку кіраўніцтва Берасцейшчыны. Затрыманы таксама грамадскі актывіст Дзмітрый Андрасюк. Актывісты змешчаныя ў ізалятар часовага ўтрымання Ленінскага РАУС.
Пра затрыманне паведаміў Аляксандр Кабанаў:
– Ля ўвахода на Калгасны рынак мы збіралі подпісы ў Адміністрацыю прэзідэнта за адстаўку берасцескіх чыноўнікаў – старшыняў аблвыканкама, райвыканкама і гарвыканкама. Мы літаральна хвілін 10-15 збіралі.
Пасля папярэджання ад участковых, блогераў затрымалі супрацоўнікі АМАПу і адвезлі ў Ленінскі РАУС Берасця.
– Спачатку два чалавекі ў цывільным, а пасля ўчастковыя сказалі, што мы парушаем заканадаўства. На што я адказаў, што мы якраз не парушаем заканадаўства, ёсць “Закон аб зваротах грамадзян”. Любы грамадзянін мае права збіраць подпісы. Для гэтага не трэба атрымліваць дазвол. Але яны выклікалі нарад міліцыі, прыехалі АМАПаўцы і нас затрымалі.
Збор подпісаў і затрыманне Сяргей Пятрухін паказваў у жывым эфіры. Па словах Аляксандра Кабанава, на Сяргея Пятрухіна ўжо складаюць паперы. Але ў чым дакладна абвінавацяць блогераў, якія асвятляюць тэму будаўніцтва акумулятарнага завода ў Берасці, яны пакуль не ведаюць.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя