У Берасці заяўлена яшчэ 12 мітынгаў супраць акумулятарнага завода



Заяўкі на правядзенне яшчэ 12 мітынгаў супраць акумулятарнага завода пададзеныя 17 траўня ў Берасцейскі гарвыканкам, паведаміў БелаПАН заяўнік акцый праваабаронца Раман Кісляк.

Паводле яго слоў, шэсць мітынгаў (тры: 28 мая, па адным — 29, 30 і 31 траўня) намячаюцца на пляцоўцы каля сцэны ў парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў, якая вызначана мясцовай уладай для правядзення масавых мерапрыемстваў.

Яшчэ шэсць (тры мітынгі 2 чэрвеня, па адным — 3, 4 і 5 чэрвеня) у гэтым жа парку на пляцоўцы каля помніка воінам-інтэрнацыяналістам.

„Учора я падаў заяўкі на правядзенне ў гэтым парку шасці мітынгаў: па тры 27 мая і 1 чэрвеня. Такім чынам, заяўкі пададзеныя на 10 дзён запар. Паглядзім, што прыдумаюць гэтым разам чыноўнікі, якія ўсімі спосабамі перашкаджаюць нам у правядзенні акцый супраць акумулятарнага завода”, — адзначыў Кісляк.

Грамадская кампанія супраць акумулятарнага завода пачалася ў рэгіёне ў студзені 2018 года. За гэты час актывісты падалі заяўкі на правядзенне ў Берасці і Берасцейскім раёне 121 мітынгу, 12 пікетаў і 16 дэманстрацый. Улады санкцыянавалі толькі адну акцыю: 29 красавіка 2018 года мітынг „Берасцейкі супраць свінцу”, на які сабралася каля дзвюх тысяч чалавек.

Праціўнікі завода збіраюцца з 25 лютага 2018 года кожную нядзелю на плошчы Леніна ў Берасці.

Акумулятарны завод ТАА „АйПаўэр” пабудаваны на прамысловай пляцоўцы „Аэрапорт” у свабоднай эканамічнай зоне „Берасце”. На заводзе будзе наладжаны поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй. Жыхары Берасця і Берасцейскага раёна лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Актывісты выявілі шэраг парушэнняў пры рэалізацыі праекта.

25 красавіка гэтага года ў Адміністрацыю прэзідэнта быў перададзены новы калектыўны зварот праціўнікаў акумулятарнага завода.

З 3 траўня каля прадпрыемства кругласутачна, змяняючы адзін аднаго, дзяжураць актывісты. Яны лічаць, што завод, яшчэ не прыняты ў эксплуатацыю, ужо фактычна працуе і выкідвае ў паветра шкодныя рэчывы. На думку актывістаў, пад выглядам пусканаладачных работ прадпрыемства ўжо паўнавартасна выпускае прадукцыю. Праціўнікі завода фіксуюць факты, якія, на іх думку, пацвярджаюць гэта, і накіроўваюць звароты аб парушэннях у адпаведныя інстанцыі.