У Берасці збіраюць подпісы за будаўніцтва дзіцячых садкоў



Збор подпісаў за будаўніцтва дзіцячых садоў і школ у Берасці пачалі сябры берасцейскай абласной арганізацыі Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай партыі (Грамада). Акцыя стартавала на вуліцы Савецкай, дзе партыйныя і грамадскія дзеячы размаўлялі з берасцейцамі на тэму ўстановаў, якіх не хапае ў горадзе. Зварот з подпісамі будзе накіраваны ў Палату Прадстаўнікоў і Міністэрства адукацы Рэспублікі Беларусь. „Сітуацыя з недахопам месцаў у дзіцячых садках стварае магчымасці для карупцыі,” – упэўнены палітык Ігар Маслоўскі.

– На мясцовым узроўні гэтая праблема не вырашаецца. За апошнія гады пабудаваны ўсяго адзін дзіцячы садок. Таму мы звяртаемся да гэтых вышэйшых органаў і просім, у адпаведнасці з бюджэтным кодэксам, выдаткоўваць мэтавыя грошы на будаўніцтва дзіцячых садкоў у горадзе Берасці. І выдаткоўваць штогод на будаўніцтва аднаго-двух дзіцячых садкоў.

Палітык упэўнены, што калі будаўніцтва ўстановаў адукацыі ў горадзе будзе ісці ў такім павольным тэмпе, то і праз дзесяць год гэтая праблема не вырашыцца.

Беларускае Радыё Рацыя