У Берасці здымаюць некаторыя «кавідныя» абмежаванні



Абмежаванні ў працы сферы грамадскага харчавання і забаўляльных кропах будуць знятыя ў Берасці. Гэта тлумачыцца зніжэннем колькасць хворых на Ковід-19 у рэгіёне:

– Адпаведнае рашэнне агучыў кіраўнік Берасцейскага гарадскога выканаўчага камітэту Аляксандр Рагачук. Абмежаванні знятыя яшчэ з учорашняга дня, 14 студзеня. Яны дзейнічалі з 10 лістапада мінулага года.

Да гэтага часу існавала забарона працы рэстарацый, бараў, ігральных установаў ды так далей пасля 23-ай гадзіны. Але па-ранейшаму рэкамендуецца нашэнне масак у грамадскіх месцах, а таксама не рэкамендуецца збірацца вялікімі групамі дзеля прафілактыкі распаўсюду каронавіруснай інфекцыі.

На дадзены момант пад забаронай па-ранейшаму правядзенне дэгустацый, рэкламных акцый, групавых прэзентацый, кірмашоў і выставаў пры ўмове, што памяшканне закрытае.

Аліса Поль, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Фота: kbr.by