У Берасці змагаюцца за захаванне аўтобуснага прыпынку
«Факт адсутнасці прыпынку з’яўляецца нязручнасцю для ўсяго мікрараёна», – зварот з такімі словамі падрыхтавалі ў Берасці сябры ініцыятывы „За наш горад!”. Яны збіраюць подпісы ў гарадскі выканаўчы камітэт з просьбай захаваць прыпыначны пункт „Аўташкола”. Распавяла адна з адказных за правядзенне кампаніі Ганна Канюс:
– У нас у Берасці на вуліцы Янкі Купалы ідзе рэканструкцыя. Там пашыраюць паласу для аўтамабіляў, робяць добрыя сходы і ходнікі для жыхароў Берасця. І вось адна з жыхарак заўважыла, што перанесены прыпынак грамадскага транспарту. І ходзяць такія размовы, што ўвогуле гэты прыпынак будзе ануляваны.
Каля прыпынку „Аўташкола” на вуліцы Янкі Купала змешчаны тры інтэрнаты, цэлы шэраг жылых дамоў, арганізацый і ўстаноў, таму так важна захаваць яго. І без актыўнага ўключэння грамадзян у збор подпісаў перамога немагчымая, упэўнена Ганна Канюс.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце