У Берасці змяніўся фармат правядзення пратэстных акцый



У Берасці змяніўся фармат правядзення пратэстных акцый супраць будаўніцтва акумулятарнага завода. Актывісты пакінулі традыцыйныя сустрэчы на плошчы, але адмовіліся ад шэсця па горадзе.

Кажа наш карэспандэнт Аліса Поль:

– Па традыцыі ў нядзелю тут сабралася каля сотні чалавек, усе яны стараліся трымаць дыстанцыю адзін ад аднаго як мінімум 1-1.5 метра. Удзельнікі сустрэч перакананыя, што свінец можа нанесці не менш шкоды, чым каронавірус. Таму, нягледзячы на пагаршэнне эпідэміялагічнай сітуацыі, варта працягваць выходзіць на вуліцы.

Новая традыцыя – амаль усе прыходзяць у масках жоўтага колеру. Гэта знак салідарнасці. Таксама актывісты не кармілі галубоў, а проста стаялі ў знак пратэсту.

Паводле ўдзельнікаў масавых мерапрыемстваў, сходы працягнуцца да таго моманту, пакуль шкодная вытворчасць не будзе цалкам зачыненая.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Фота: belsat.eu