У Берасці знайшлі радыёактыўны падгузнік



У Берасці ў смеццявозе знойдзены падгузнік з радыёактыўным рэчывам.

Як паведаміў БелаПАН афіцыйны прадстаўнік Берасцейскага абласнога ўпраўлення МНС Сяргей Машноў, 27 студзеня ў 15.26 у цэнтр аператыўнага кіравання паступіла паведамленне ад Берасцейскага смеццеперапрацоўчага завода пра перавышэнне фону іанізуючага выпраменьвання ў аўтамабілі, які праехаў праз кантрольную рампу.

Ратавальнікі, прыбыўшы на месца выкліку, выявілі перавышэнне радыяцыйнага фону ў задняй частцы кузава смеццявоза. Аўтамабіль паставілі на асобную стаянку, выставілі ачапленне ў радыусе 20 метраў.

Пры сартаванні смецця знойдзены пакет з аднаразовым падгузнікам. Каля пакета было зафіксаванае перавышэнне нормы радыяцыйнага фону ў 37,5 разу. За 1,5 метра фонавыя значэння былі ў норме.

Папярэдні аналіз рэчыва, які знаходзіцца ў падгузніку, паказаў, што гэта ёд-131. Перыяд яго паўраспаду складае 8 сутак, праз 48 сутак ўсталююцца дапушчальныя фонавыя значэння.

Пакет змешчаны ў металічную скрыню да ўтылізацыі.

Фота mchs.gov.by