У Берасці знаходзіцца каля 500 грамадзян Расеі, якія спрабуюць трапіць у краіны ЕЗ



У гэтым годзе Місія дапамогі бежанцам у Берасці беларускай праваабарончай арганізацыі Human Constanta аказала дапамогу больш чым 140 сем’ям выхадцаў з Чачні, якія спрабавалі трапіць у Польшчу праз Беларусь. Пра гэта 22 снежня паведаміла каардынатар кірунку па абароне правоў мігрантаў, бежанцаў і асоб без грамадзянства Human Constanta Эніра Браніцкая на прэзентацыі справаздачы місіі за 2016/2017 год у Менску.

Паводле яе слоў, з верасня 2016 па кастрычнік 2017 года місія аказвала кансультацыйную юрыдычную і гуманітарную дапамогу шукальнікам прыстанішча, якія ехалі транзітам праз Беларусь у краіны Еўразвяза. Большасць з іх — грамадзяне Расейскай Федэрацыі з Чачні і іншых рэспублік Паўночнага Каўказа (Дагестан, Інгушэція).

У Берасці знаходзіцца каля 500 грамадзян Расейскай Федэрацыі, якія хочуць атрымаць прыстанішча ў краінах ЕЗ. Браніцкая адзначыла, што цяпер колькасць такіх людзей значна меншая, чым увосень 2016 года, калі ў Берасці, паводле розных ацэнак, апынулася ад адной да трох тысяч грамадзян РФ.

Разам з тым, сказала Браніцкая, некаторыя сем’і больш за паўгода жывуць у Берасці, шматразова спрабуючы на цягніку праехаць у польскі Цярэспаль і перасекчы мяжу. Пасля дзясяткаў беспаспяховых спроб падаць заяву на прыстанішча у іх, як правіла, заканчваюцца грошы альбо тэрмін легальнага знаходжання ў Беларусі, адзначыла праваабаронца.

„У гэтым выпадку яны вымушаныя вяртацца на радзіму, дзе ім пагражае небяспека. На іх месца прыбываюць новыя. Апроч прававой няпэўнасці шукальнікі прытулку сутыкаюцца з праблемамі гуманітарнага характару. Ёсць пастаянны попыт на цёплую вопратку, лекі, ежу і прытулак. Дабрачынныя ініцыятывы з Беларусі, Польшчы і чачэнскай дыяспары ў ЕС пакрываюць толькі частку гэтых патрэб”, — гаворыцца ў справаздачы.

Знаходзячыся ў Беларусі, шукальнікі прыстанішча таксама не адчуваюць сябе ў бяспецы. У асобных выпадках праваахоўныя органы Чачні запытваюць арышт і перадачу шукальнікаў прыстанішча, якія знаходзяцца ў Беларусі, адзначаецца ў справаздачы.

Акрамя таго, паводле афіцыйных дадзеных, з хадайніцтвамі аб прадастаўленні статусу бежанца, дадатковай абароны або прыстанішча ў Беларусі з 2004 па першае паўгоддзе 2017 года звярнуліся 86 грамадзян Расейскай Федэрацыі. Ніхто з іх не атрымаў ніякай формы міжнароднай абароны, адзначыла Браніцкая.

Паводле яе слоў, у справаздачы таксама адзначаецца, што па-ранейшаму найбольшы паток транзітных бежанцаў прыпадае на ўчастак мяжы Беларусі з Польшчай у раёне пераходу Берасце — Цярэспаль, але некаторая колькасць бежанцаў рабілі спробы таксама праехаць у Літву.

„З-за палітыкі польскай памежнай службы, накіраванай на абмежаванне патоку бежанцаў, большая частка шукальнікаў прыстанішча не могуць трапіць на тэрыторыю Польшчы для падачы заявы на прыстанішча і скарыстацца іншымі міжнароднымі гарантыямі”, — сказала Браніцкая.

Яна падкрэсліла, што шматлікія скаргі і судовыя справы на нацыянальным узроўні, а таксама тэрміновыя меры па запыце Еўрапейскага суда па правах чалавека Польшча праігнаравала.

„Замест таго каб стварыць адэкватную сістэму прыёму бежанцаў на ўсходняй мяжы, урад унёс заканадаўчыя прапановы, у выпадку прыняцця якіх могуць назаўжды закрыць мяжу для шукальнікаў прыстанішча ў Польшчы, якія перамяшчаюцца праз Беларусь і Украіну. Не адмаўляючы масавыя парушэнні правоў чалавека ў Чачні, урад Польшчы адмаўляецца прызнаваць рэальнасць, у якой такія парушэнні спараджаюць хвалі вымушанай міграцыі”, — адзначаецца ў справаздачы.

belapan.by