Паліну Шарэнду-Панасюк занеслі ў суд Ленінскага раёна Берасця



Знайшлася Паліна Шарэнда, якая прапала сёння раніцай.

На працягу дня яна знаходзілася ў Ленінскім РАУСе Берасця. У 18 гадзін яе даставілі ў суд Ленінскага раёна. Карціну дастаўкі Паліны ў суд ўбачыў праваабаронца Уладзімір Вялічкін. Нікога з цывільных у будынку суда ўжо не было. Затое Паліну Шарэнду суправаджалі паўтара дзесятка міліцыянтаў, сярод якіх было 3 амапаўцы.

У будынак суда і ў залу суда Паліну ўнеслі за рукі і ногі, – кажа Уладзімір Вялічкін:

– Цікавы такі момант, калі яе неслі менавіта ў залу, я паспеў ёй даць візітоўку адваката, сказаў, каб яна заявіла хадайніцтва, каб гэты адвакат прадстаўляў яе інтарэсы. Мяркую, што ёй дадуць 15 сутак, не будуць глядзець, што ў яе там дзеці дома засталіся, гэта нашыя ўлады не хвалюе. Гэта праблемы грамадзян, дзе ўзяць 200 рублёў на аплату за дармаедства, з кім дзеці застануцца  і хто іх карміць будзе.

Сам Уладзімір Вялічкін у судзе не застаўся. Бо адчуў, што супраць яго могуць учыніць правакацыю і затрымаць.

***

На пачатку 9 раніцы яна выйшла з кватэры і да гэтага часу не вярнулася. Яе тэлефон заблакаваны.

З двума малымі дзецьмі, адзін з якіх гадавалы, сядзіць маці Паліны. Колькі гадзін таму кватэру наведаў міліцыянт з работніцай органаў апекі, каб праверыць догляд за дзецьмі. Маўляў, скардзяцца суседзі, што нібыта Андрэй з Палінай часта сварацца.

Андрэй Шарэнда зараз не дома і не можа нічым дапамагчы сям’і, таму звяртаецца да журналістаў па дапамогу:

– Яна выйшла і невядома дзе яна, я ўжо пачынаю біць трывогу. У горадзе зараз адбываюцца затрыманні, я думаю, што яе затрымалі. Сам я зараз знаходжуся не ў Берасці, у мяне няма магчымасці кудысьці пад’ехаць. Прашу дапамогі ў журналістаў, каб даведацца, дзе знаходзіцца мая жонка. Магчыма супраць маёй жонкі былі нейкія правакацыі, бо сёння да мяне дахаты прыходзіў міліцыянт і нейкая жанчына са службы апекі, яны хацелі даведацца ў якім стане дзеці.  

Раней Паліна Шарэнда паведамляла, што з 10 па 12 сакавіка іх кватэра была ў аблозе міліцыі. 4 машыны стаялі кругласуткава каля дома. Цэлымі днямі незнаёмыя ламіліся ў дзверы, але Паліна ім не адчыняла.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце