У Берасці знойдзены парэшткі больш як 1.200 расстраляных вязняў гета



У Берасці завершаныя раскопкі на месцы выяўленага пахавання вязняў гета, паведаміла БелаПАН старшы інспектар аддзела культуры гарвыканкама Ала Кондак.

Першыя астанкі вязняў Берасцейскага гета былі знойдзеныя 17 студзеня на будаўнічай пляцоўцы ў раёне вуліцы Куйбышава. Будаўнічыя работы прыпынілі. На запыт гарвыканкама ў Берасце прыбылі байцы 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна Міністэрства абароны.

Паводле слоў Кондак, у кнізе „Памяць” ёсць успаміны сясцёр Кац, якія з 15 кастрычніка 1942 года хаваліся на гарышчы будынка недалёка ад гэтага месца. Сёстры распавялі, што кожны дзень на працягу месяца і пяці дзён фашысты зганялі сюды габрэяў і расстрэльвалі.

Пошукавыя работы на месцы знаходжання астанкаў, дзе ў гады фашысцкай акупацыі знаходзілася Берасцейскае гета, вяліся з 24 студзеня і былі завершаныя 26 сакавіка. Знойдзеныя астанкі 1.214 ахвяр гета.

„На месцы выяўлення астанкаў будзе створана зялёная зона, — дапоўніла Кондак. — У маі плануецца перапахаваць астанкі на берасцейскіх могілках „Паўночныя” побач з устаноўленым у 2011 годзе помнікам ахвярам Халакоста”.

Яна адзначыла, што вязнямі Берасцейскага гета было 28 тыс. чалавек. 16 кастрычніка 1942 года амаль усе вязні былі вывезеныя фашыстамі ва ўрочышча Бронная Гара ў Бярозаўскім раёне і расстраляныя. Вязняў, якія схаваліся, акупанты вылоўлівалі і расстрэльвалі на працягу месяца ў Берасці.

БелаПАН

Фота: brestcity.com