У Берасці зноў „кармілі галубоў” у цэнтры горада (абноўлена)
Блізка 70 чалавек, па дадзеных праваабаронцаў, выйшлі на плошчу Леніна „пакарміць галубоў”. Гэта ўжо 25-я акцыя праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода, якая адбываецца штонядзелю ў цэнтры горада. Каментуюць самі гараджане:
– Я даволі рэдка прыходзіў сюды. Нібы крыху весялей, але ўсё роўна мала людзей. Для таго, каб нас пачулі, патрэбна мінімум 1,5 тысячы. Самае галоўнае – выйсці і выразіць свой пратэст, пабачыць людзей, нейкія дзелавыя моманты абмеркаваць. Салідарнасць ёсць, проста многія людзі яшчэ баяцца.
На апошняй акцыі людзі абмеркавалі сітуацыю адмовы вышэйшым кіраўніцтвам краіны адправіць у адстаўку мясцовых чыноўнікаў і адмоваў мясцовых уладаў даць дазвол на правядзенне мітынгаў.
Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
Фота аўтара
* * *
Каля 80 праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода сабраліся ў цэнтры Берасця, каб абмеркаваць забароны мясцовых уладаў на правядзенне мітынгаў. Людзі стаялі групамі, абмяркоўвалі апошнія навіны, звязаныя з будаўніцтвам прадпрыемства, і кармілі галубоў.
Праваабаронца Раман Кісляк нагадаў, што група жыхароў Берасця і Берасцейскага раёна накіравала ў гарвыканкам заяўкі на правядзенне ў парку Воінаў-Інтэрнацыяналістаў васьмі мітынгаў супраць акумулятарнага завода: чатыры 25 жніўня і чатыры 26 жніўня. Мэта акцый — выказванне пратэсту супраць будаўніцтва завода ды інфармаванне насельніцтва. Людзі лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Пакуль улады дазволілі толькі адну акцыю пратэсту, якая адбылася 29 красавіка.
Сустрэчы праціўнікаў будаўніцтва завода праходзяць на плошчы Леніна кожную нядзелю з 25 лютага.