У Берасці зноў пратэставалі супраць акумулятарнага завода
Чарговая пратэстная акцыя супраць будаўніцтва акумулятарнага завода адбылася ў Берасці. У ёй удзельнічалі каля трох соцень чалавек.
Як і папярэднія дзве, сустрэча мела не толькі экалагічны, але і палітычны характар, – распавёў адзін з лідараў пратэстаў, экс-кандыдат у дэпутаты Уладзімір Мароз:
– Думаю, што зараз акцэнтавалася ўвага на тое, што нашыя актывісты Зміцер Бекалюк, Зміцер Андрасюк і Аляксандр Кабанаў усё яшчэ знаходзяцца ў ізалятары часовага ўтрымання. Гэта таксама юбілей АЭС Чарнобыльскай, дзве падзеі ў адзін дзень. Адзінае, што спыняе людзей выйсці на плошчу і выказаць свой маўклівы пратэст, – гэта, канешне, страх.
Падчас шэсця ўдзельнікі заклікалі кіраўніка краіны пакінуць сваю пасаду, а таксама патрабавалі вызвалення актывістаў, якіх засудзілі на пятнаццаць сутак кожнага па артыкуле 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях – незаконны ўдзел і арганізацыя масавых мерапрыемстваў.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце