У Берасці зноў сабраліся праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода



На плошчы Леніна ў Берасці 18 лістапада зноў сабраліся праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода.

У 12.45 на плошчы было каля 100 чалавек, у тым ліку актывісты Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада). Людзі стаялі групамі, абмяркоўвалі апошнія навіны, звязаныя з будаўніцтвам прадпрыемства.

Падобныя сустрэчы, нагадаем, праходзяць на плошчы Леніна кожную нядзелю пачынаючы з 25 лютага.

Як паведамілі ўдзельнікі сённяшняй сустрэчы, 17 лістапада на прамую лінію, якую праводзіла першы намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Ія Малкіна, патэлефанаваў жыхар Берасця Дзям’ян Лепясевіч. Ён задаў чыноўніцы пытанні адносна экалагічнага складніка будаўніцтва завода пад Берасцем. Малкіна паведаміла, што ў прыродаахоўнае ведамства паступіў на паўторную дзяржаўную экалагічную экспертызу ўдакладнены праект завода.

Берасцеец Дзмітрый паведаміў, што яны рыхтуюць ліст у Мінпрыроды, у якім яшчэ раз звяртаюць увагу ведамства на выяўленыя парушэнні ў папярэднім праекце, па якім тым не менш было дадзена станоўчае заключэнне экалагічнай экспертызы. Цяпер распрацоўшчык падаў на экспертызу праектную дакументацыю з унесенымі ў яе змяненнямі.

Людзі, якія сабраліся на плошчы,выказалі надзею, што завод не пачне працу. Адзін з удзельнікаў адзначыў, што праціўнікі небяспечнай будоўлі спадзяюцца, што ім не давядзецца дамагацца спынення прадпрыемства, як гэта адбылося ў Светлагорску з кітайскім заводам беленай цэлюлозы, паколькі акумулятарны завод пад Берасцем усё ж не будзе пабудаваны.

Таксама сёння ўдзельнікі сустрэчы абмяркоўвалі чарговую адмову ўлад сустрэцца з праціўнікамі будаўніцтва завода. 5 лістапада на імя старшыні Берасцейскага аблвыканкама Анатоля Ліса быў накіраваны восьмы па ліку зварот. У ім была просьба арганізаваць сустрэчу жыхароў рэгіёна са спецыялістамі санітарных і прыродаахоўных службаў, адказнымі асобамі дзяржаўных службаў і прадстаўнікамі завода, каб яны адказалі на пытанні грамадзян аб будаўніцтве і будучай вытворчай дзейнасці прадпрыемства. Пад зваротам падпісалася больш за 100 жыхароў Берасця і Берасцейскага раёна.

З аблвыканкама атрыманы адмоўны адказ за подпісам намесніка старшыні аблвыканкама Андрэя Клеца. У прыватнасці, у ім гаворыцца, што, паколькі ўзнятыя ў звароце праблемы ўжо атрымалі шырокае і аб`ектыўнае інфармацыйнае суправаджэнне, мэтазгоднасці ў арганізацыі сустрэчы па гэтых пытаннях няма.

Пры гэтым у адказе адзначаецца, што Берасцейскім аблвыканкамам і ўсімі зацікаўленымі службамі будзе забяспечаны кантроль за выкананнем інвестарам тэхнічных, тэхналагічных і экалагічных норм пры арганізацыі дзейнасці прадпрыемства. І гэтая пазіцыя застаецца нязменнай.

Будаўніцтва акумулятарнага завода ТАА „АйПауэр” вядзецца на прамысловай пляцоўцы „Аэрапорт” ў свабоднай эканамічнай зоне „Брэст”. На заводзе будзе наладжаны поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй.

Жыхары Берасця і Берасцейскага раёна лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Актывісты выявілі шэраг парушэнняў пры рэалізацыі гэтага праекта і дамагаюцца прыпынення будаўніцтва.

Грамадская кампанія супраць акумулятарнага завода пачалася ў рэгіёне ў студзені. Паводле звестак праваабаронцы Рамана Кісляка, за гэты час актывісты падалі заяўкі на правядзенне ў Берасці і Берасцейскім раёне 24 мітынгаў, 12 пікетаў і адной дэманстрацыі. Улады санкцыянавалі толькі адну акцыю: 29 красавіка мітынг „Берасцейкі супраць свінцу” на ўскраіне горада, у парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў, на які сабралася каля дзвюх тысяч чалавек.

31 кастрычніка прэм’ер-міністр Сяргей Румас заявіў, што апасенні наконт будаўніцтва акумулятарнага завода ў Берасці крыху перабольшаныя. „Праект прайшоў усе неабходныя экалагічныя экспертызы, і ў заказчыкаў гэтага прадпрыемства ёсць усе неабходныя дазволы на вытворчасць работ”, — сказаў ён.

Несумненна, лічыць Румас, падобныя буйныя праекты павінны ўзгадняцца з жыхарамі. „Але важна разумець, што гэта ж і вырашэнне праблемы занятасці для рэгіёнаў. На гэтых прадпрыемствах нашы грамадзяне змогуць атрымаць працоўныя месцы. Улічваючы, што гэта высокатэхналагічныя праекты, яны змогуць атрымліваць годную заработную плату”, — заявіў ён.

belapan.by