У Берасці зноў судзяць актывістку Наталлю Папкову



У судзе Ленінскага раёна Берасця разглядаецца адміністрацыйная справа актывісткі Наталлі Папковай.

Грамадскую актывістку і адну з лідараў мясцовых пратэстаў супраць дэкрэта “аб дармаедстве” напярэдадні затрымалі каля чыгуначанага вакзала горада.

Падставай затрымання па яе словах стала нібыта “парушэнне правілаў дарожнага руху”:

– Звязана гэта з асабістай непрыязнасцю супрацоўнікаў міліцыі непасрэдна да мяне. Мяне затрымлівалі ўчора, было такое адчуванне, што яны мяне ўжо чакалі. Я паспрабавала патэлефанаваць адвакату, але не паспела. Яны забралі тэлефон, SIM-карты там няма, але сам тэлефон мае вартасць.

У судзе паплечнікі Наталлі Папковай даведаліся, што яе вінавацяць у “непадпарадкаванні законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі”.

Падрабязней кажа праваабаронца Уладзімір Вялічкін, які разам з сябрамі Папковай цягам дня дзяжурыў у будынку суда:

– Здзівіла адна такая рэч, што пачалося з дарогі – на чыгуначным вакзале, а скончылася на непадпарадкаванні на наступны дзень. 23.4 там здаецца суткі, можа і сесці.

Суддзя Алег Меранюк задаволіў хадайніцтва Наталлі Папковай адносна “выкліку адваката” і абвясціў перапынак да 16:00 серады 19 красавіка.

Да гэтага часу грамадскую актывістку вызвалілі з-пад варты і вярнулі тэлефон, які забралі без складання пратакола.

Папярэднюю ноч яна правяла ў ізалятары часовага ўтрымання пры Ленінскім РАУС Берасця. Паўторных спробаў затрымаць яе не было.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Фота аўтара