У Берасці зноў судзяць блогера Сяргея Пятрухіна
У Берасці разглядаюць чарговую справу блогера Сяргея Пятрухіна. Яго затрымалі ў пятніцу за „непадпарадкаванне міліцыянтам” і змясцілі на выхадныя ў ізалятар Ленінскага РАУС.
Падставай стала адмова Сяргея Пятрухіна ісці разам з міліцыянтамі ў сваю кватэру для правядзення ператрусу без адваката:
– Мяне прэсуюць толькі за тое, што я кажу праўду пра міліцыянтаў і пра гэты завод, мне так здаецца. Яны забралі адзін камп’ютар з тэлефонам, зараз другі. Прычыны абсалютна надуманыя, асабліва вось гэты другі. Першае я ўвогуле не ведаю за што, а другі, любы чалавек скажа, што няма ніякай абразы.
Суддзя суда Ленінскага раёна Святаслаў Каліна задаволіў хадайніцтва Пятрухіна пра ўдзел у разглядзе справы абаронцы і зрабіў перапынак да 15:00 1-га жніўня.
Пасля гэтага Пятрухіна адпусцілі з-пад варты. У выніку ператрусу, які міліцыянты ўсё ж правялі без яго ўдзелу, у блогера канфіскавалі тэхніку.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце