У Берасці зноў затрыманая актывістка Наталля Папкова



У Берасці зноў затрыманая актывістка грамадскага руху „Маладая Беларусь” Наталля Папкова, удзельніца акцый за адмену дэкрэта „аб дармаедах”.

Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісляк, супрацоўнікі міліцыі затрымалі яе 22 сакавіка прыблізна ў 11.30 на чыгуначным вакзале. Пасля чаго даставілі ў Ленінскі РАУС.

Праваабаронца адзначыў, што за апошні час гэта другое затрыманне Папковой. Першы раз яна была затрыманая ў Берасці 3 сакавіка прыблізна ў 14.30, калі выйшла з дому, дзе жыве. Два супрацоўнікі міліцыі пасадзілі яе ў аўтамабіль і павезлі. У гэты ж дзень Папкову змясцілі ў псіхіятрычны стацыянар абласнога псіханеўралагічнага дыспансера. 6 сакавіка яе адтуль выпусцілі.

Папкова паведаміла, што ў закрытай медустанове ёй не давалі ніякіх медыкаментаў і ў прынцыпе не лячылі. Актывістка ўпэўненая, што ў дыспансер яе змясцілі, каб не даць магчымасці ўзяць удзел у акцыі пратэсту 5 сакавіка ў Берасці.

Як паведамлялася раней, улады Берасці дазволілі дэмсілам правесці акцыю ў Дзень Волі, 25 сакавіка.