У Берасці зноў затрыманы блогер Сяргей Пятрухін



У Берасці 27 ліпеня затрыманы блогер Сяргей Пятрухін, паведаміў БелаПАН мясцовы праваабаронца Раман Кісляк.

Паводле яго слоў, прыкладна ў 12.13, калі Пятрухін выходзіў з дома, да яго падышлі супрацоўнікі міліцыі і заявілі, што ім трэба агледзець яго кватэру. „Пятрухін адмовіўся, таму што яму не патлумачылі, на якіх падставах ён павінен пусціць іх у кватэру. Яго затрымалі і павезлі ў Ленінскі РАУС. Паўгадзіны таму я прыехаў туды, каб высветліць, у чым справа. Але мяне адтуль выпхнулі”, — распавёў Кісляк.

24 ліпеня заказным лістом Пятрухін атрымаў позву ў Берасцейскі міжраённы аддзел Следчага камітэта ў сувязі з завядзеннем ў дачыненні да яго крымінальнай справы за абразу. Пры гэтым выявілася, што ён павінен быў з’явіцца ў СК 23 ліпеня. Сам блогер не можа сказаць, з чым звязаная гэтая справа.

Пятрухін апошнім часам здымае шмат відэа на тэму пратэстаў у сувязі з будаўніцтвам акумулятарнага завода пад Берасцем. 12 мая ў яго дома правялі вобшук, падчас якога канфіскавалі камп’ютар, планшэт, фотаапарат і тэлефон. Гэтыя рэчы яму не вярнулі дагэтуль.

Блогера неаднаразова затрымлівала міліцыя, ён атрымліваў штрафы і адбываў адміністрацыйныя арышты.