У Берасці з’явілася „дошка ганьбы”
На берасцейскім аўтобусным прыпынку „Тэхнічны ўніверсітэт” з’явілася так званая „дошка ганьбы”.
Пра гэта паведамляюць інтэрнэт карыстальнікі мясцовых інфармацыйных парталаў. На стэндзе змешчаны фотаздымкі двух чалавек, якія трапілі ў аб’ектыў вулічных камераў відэаназірання. Першы з іх нібыта насмеціў шалупіннем ад семак, а другі паспаў на лаўцы прыпынку, пасля чаго справіў малую патрэбу.
Праваабаронца Уладзімір Вялічкін пракаментаваў з’яўленне падобнай дошкі:
– Зараз набліжаюцца выбары. Грамадства трэба трымаць на кароткім ланцугу. Прагучалі пэўныя заявы кіраўніка дзяржавы. Гэты выпадак сведчыць аб тым, што той, хто даў дазвол на вывешванне падобнай інфармацыі, ён намагаецца залякаць грамадства напярэдадні выбараў, маўляў, мы за вамі сочым, мы ўсё бачым.
Пакуль невядома якая служба прыняла рашэнне стварыць і размесціць гэтую дошку, а таксама ці спытала служба дазволу ў людзей з фотаздымкаў на размяшчэнне іхніх выяваў у публічным месцы. Меркаванні берасцейцаў адносна „стэнду ганьбы” падзяліліся на „за” і „супраць” такой „прафілактыкі”.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце